Літоўскую школу ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна закрыюць. Афіцыйная прычына — парушэнні, якія ствараюць пагрозу жыццю і здароўю навучэнцаў і педагогаў, паведаміла «Гродзенская праўда». Раней гэтую школу хацелі русіфікаваць у межах ліквідацыі школьніцтва на мовах нацыянальных меншасцяў.

Літоўскую школу пад Воранава закрываюць. Афіцыйна - з-за “пагрозы жыццю і здароўю дзяцей”
Літоўская школа ў Пелясе. Крыніца: voranava.blogspot.com

UPD. Судовае паседжанне і разгляд справы аб закрыцці Літоўскай школы ў вёсцы Пеляса адбудзеца 31 жніўня 2022 года ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці.

Перад пачаткам навучальнага года інспекцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праверыла школу. У час праверкі яна выявіла шэраг парушэнняў. Дырэктару школы накіравалі прапанову аб прыпыненні дзейнасці школы да ліквідацыі выяўленых заўваг.

«Не гарантаваная бяспечная і бесперашкодная эвакуацыя дзяцей і педагогаў з памяшкання школы ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, не забяспечана належная супрацьдымная абарона і абарона ад распаўсюджвання агню. Акрамя таго, праведзена перапрафіляванне памяшканняў па функцыянальным прызначэнні. Склады перапрафіляваны пад вучэбныя класы і майстэрні», — распавяла афіцыйны прадстаўнік абласнога ўпраўлення МНС Вольга Адзіева.

Дзе зараз будуць вучыцца дзеці

40 навучэнцаў з Лідскага раёна і 74 з Воранаўскага перавядуць у школы па месцы жыхарства. 24 педагогам, 10 з якіх грамадзяне Літвы, прапануюць месца працы ў Воранаўскім раёне. Таксама абяцаюць працаўладкаваць тэхперсанал. Пра гэта сказаў кіраўнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.

Раней казалі пра русіфікацыю школаў у Пелясе і Рымдзюнах

Пра русіфікацыю дзвюх існуючых у вобласці школаў з літоўскай мовай навучання стала вядома ў красавіку 2022 года. Літоўская мова застанецца толькі адным з прадметаў. Літоўскія чыноўнікі палічылі такое рашэнне непрымальным і хацелі дамагчыся хаця б пераходнага перыяду.

«МЗС апавясціла беларускі бок аб непрымальнасці такога рашэння, бо яно парушае двухбаковыя дамоўленасці і абмяжоўвае права беларускіх літоўцаў на навучанне на роднай мове», — сказаў тады намеснік міністра замежных спраў Літвы Эгідыюс Мейлунас.

Літоўская школа ў Пелясе — першая літоўскамоўная ў Беларусі

Школа ў Пелясе — першая літоўскамоўная ў Беларусі. Яе адкрылі ў 1992 годзе. У навучальным годзе 2021/2022 там навучаліся 120 дзяцей, працавалі 23 педагога, 11 з якіх былі грамадзянамі Літвы. Школу фінансуе Міністэрства адукацыі Літвы, але ў красавіку 2022 года, калі стала вядома аб намерах скасаваць навучанне на літоўскай мове, міністэрства папярэдзіла аб магчымасці спыніць фінансаванне, калі рашэнне не адменяць.