На вуліцы Чкалава, 13 прадаюць дом 1930-х гадоў - прыклад драўлянага канструктывізму. У 2018 годзе дом пачалі рэканструяваць, але з-за фінансавых пытанняў вырашылі прадаць. Новы гаспадар зможа працягнуць рэканструкцыю або знесці дом і пабудаваць нешта новае.

У Гродне могуць знесці канструктывісцкі дом 1930-х. Яго пачалі аднаўляць, а цяпер прадаюць
Дом на вуліцы Чкалава, 13. Фота: Hrodna.life 2018 г.

«Будынак пафарбавалі звонку і добраўпарадкавалі тэрыторыю», — сказаў Hrodna.life уладальнік дома Андрэй. Унутры будынак не паспелі рэканструяваць.

Колькі хочуць за ўчастак з будынкам

За ўчастак плошчай 15 сотак Андрэй хоча $ 94 тыс. У будынку ёсць цэнтральны вадаправод і каналізацыя. Да надзела ёсць асфальтаваны пад’езд. Сам будынак можна рэканструяваць альбо знесці.

Гісторыя дома і «Настаўніцкай калоніі»

Дом № 13 на вуліцы Чкалава пабудавалі ў 1930-х і доўгі час быў жылым. Пасля 2010 года пабудова спусцела і перайшла ў статус закінутага жытла. Толькі ў 2018 за яго ўзяўся Андрэй. Дом дастаўся яму ў спадчыну. Ён планаваў аднавіць будынак і жыць у ім.

Будынак знаходзіцца ў так званай «Настаўніцкай калоніі» — унікальным у межах Беларусі комплексе драўляных будынкаў у стылі канструктывізму. Калонія забудоўвалася на сучасных вуліцах Чкалава і Асіпенкі (за польскім часам — Жвіркі і Вігуры). Назва раёна звязаная з тым, што дамы сапраўды будаваліся для настаўнікаў суседняй школы.

Сёння ад цэлага ансамбля драўляных пабудоў засталося восем дамоў рознай ступені захаванасці.

«У раёне вуліц Чкалава і Асіпенкі знаходзяцця адзіныя ў сваім родзе драўляныя дамы»

Гісторык Мечыслаў Супрон адзначаў гэты прыклад як вельмі станоўчы.

«У раёне вуліц Чкалава і Асіпенкі знаходзяцца адзіныя ў сваім родзе драўляныя дамы ў стылі канструктывізму ў ансамблі. Сёння мы назіраем унікальны выпадак: з закінутай пабудовы сталі нешта рабіць. Практыка паказвае, што драўляныя хаты ў нас зносяць, але мы зараз маем добры прыклад. А наогул, шмат добрых прыкладаў у нас пад бокам, у тых жа Друскеніках, дзе драўляныя пабудовы актыўна карыстаюць пад жытло, офісы і рэстараны. Галоўнае даць людзям магчымасць».

Чытайце таксама: «Драўляныя дамы можна ратаваць». Гродзенец аднаўляе рэдкі прыклад канструктывізму 1930-х