Дадаць навіну
Аўторак, 13 лістапада 2018, 08:32

«Драўляныя дамы можна ратаваць». Гродзенец аднаўляе рэдкі прыклад канструктывізму 1930-х

Як выявілася, у Гродне не толькі зносяць драўляныя пабудовы, але і даюць ім другое жыццё. Добры прыклад можна ўбачыць на вуліцы Чкалава, 13. Там 30-гадовы гродзенец Андрэй узяўся за рэстаўрацыю старога драўлянага дома, якая дастаўся яму ў спадчыну.

Дом №13 быў пабудаваны ў 1930-х і доўгі час быў жылым. Але пасля 2010 года пабудова спусцела і перайшла ў статус закінутага жытла. Толькі ў 2018 за яго ўзяўся Андрэй.

Дом дастаўся яму ў спадчыну, але займацца ім раней ён не мог праз афармленне дакументаў і нястачу грошай.

Вырашыў тут жыць

Дом Андрэя знаходзіцца ў так званай «Настаўніцкай калоніі», якая забудоўвалася на сучасных вуліцах Чкалава і Асіпенкі. Сёння ад цэлага ансамбля драўляных пабудоў засталося восем дамоў у рознай ступені захаванасці.

«Заняцца домам раней у мяне не было магчымасці галоўным чынам праз афармленне дакументаў па спадчыне, – расказвае Андрэй. – Але калі ўсё вырашылася, я задумаў у доме жыць і таму заняўся ім. Прывесці дом ў добры стан цалкам рэальна. Вонкавую частку пакінем практычна без зменаў, а ўсярэдзіне амаль усё памяняем. Вядома, хтосьці скажа, што знесці і пабудаваць новы дом лепш. Але ў такіх дамах жывуць многія людзі, значыць усё цалкам рэальна».

«Драўляныя дамы можна ратаваць». Гродзенец аднаўляе рэдкі прыклад канструктывізму 1930-х
Так дом Андрэя выглядаў у 2013 годзе. Праз год частка пабудовы пацярпела ад пажару

Калі грошай няма – лепей не брацца

Не заўважыць таго, што на Чкалава пачалі ратаваць стары дом, немагчыма. Літаральна за месяц працоўныя зачысцілі і пафарбавалі вялікую частку фасада будынка, а хутка прыступяць да ўнутраных працаў.

«Сёлета абмяжуемся толькі рамонтам фасада, а ў наступным годзе пачнем унутраныя працы, якія пацягнуць больш за ўсё сродкаў. Вядома, я не здужаю ўсё аднавіць, толькі тое, на што хопіць фінансаў і сіл. Але магу сказаць адно: драўляныя дамы ў Гродна можна ратаваць. Калі сродкі ёсць, то можна нешта рабіць, а калі не, то лепш не брацца», – дадаў Андрэй.

Добры прыклад

Гісторык Мечыслаў Супрон адзначае гэты прыклад як вельмі станоўчы.

«У раёне вуліц Чкалава і Асіпенкі знаходзяцца адзіныя ў сваім родзе драўляныя дамы ў стылі канструктывізму ў ансамблі. Сёння мы назіраем унікальны выпадак: з закінутай пабудовы сталі нешта рабіць. Практыка паказвае, што драўляныя хаты ў нас зносяць, але мы зараз маем добры прыклад. А наогул, шмат добрых прыкладаў у нас пад бокам, у тых жа Друскеніках, дзе драўляныя пабудовы актыўна карыстаюць пад жытло, офісы і рэстараны. Галоўнае даць людзям магчымасць».

«Драўляныя дамы можна ратаваць». Гродзенец аднаўляе рэдкі прыклад канструктывізму 1930-х
Працоўныя кажуць, што самае складанае на дадзеным этапе рэстаўрацыі дома – чыстка перад афарбоўкай фасада

Даведка

«Настаўніцкая калонія» – унікальны комплекс драўляных будынкаў у стылі канструктывізму, які захаваўся ў Гродне.

Сёння вуліца Асіпенкі – пэўна што, самая маленькая вуліца ў Гродне. Тут усяго толькі пяць дамоў. Разам з яшчэ трыма дамамі, змешчанымі шэрагам на вул. Чкалава, яны ўваходзяць у абсалютна ўнікальны па еўрапейскіх мерках комплекс драўляных пабудоў. Дамы былі збудаваны ў сярэдзіне 1930-х гг. для настаўнікаў. Пры Польшчы гэтыя вуліцы зваліся ў гонар трагічна загінулых лётчыкаў Жвіркі і Вігуры (пасля вайны вуліцы пераназвалі ў гонар савецкіх лётчыкаў Валера Чкалава і Паліны Асіпенкі). Сёння ад унікальнага ансамбля драўляных пабудоў засталося ўсяго толькі восем дамоў.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: