У адной з гродзенскіх школ настаўнікам сталі прыходзіць паведамленні ад адміністрацыі: не дапускаць святкавання Хэлоўіна ў навучальнай установе. Прычына забароны — скаргі, якія паступаюць у гарвыканкам. Але хто скардзіцца?

Інфармацыя пра забарону выглядае так: «Паступаюць скаргі ў гарвыканкам, што ў школах святкуюць Хэлоўін.
Гэта мерапрыемства не павінна праходзіць ва ўстановах адукацыі».

У гродзенскіх школах забараняюць адзначаць Хэлоўін. Хто за гэтым стаіць?

Уплыў царквы?

Чытач Валянцін, які даслаў у рэдакцыю Hrodna.life інфармацыю аб паведамленнях у школе, лічыць, што за забаронай Хэлоўіна можа стаяць царква.

«Рассылка настаўнікам на Viber — звычайная практыка. Але царква даўно вядзе барацьбу з усялякімі „паганскімі святамі“, аднак прамых доказаў не пакідае. У іншыя гады і супраць Дня Святога Валянціна было, і супраць Купалля, — кажа Валянцін. — Я не супраць, у кожнага свой пункт гледжання, але проста цікава, наколькі распаўсюджваецца на практыцы ўплыў царквы на грамадскія структуры».

Забарон не было, як і дазволаў

У галоўным упраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкама распавялі Hrodna.life, што ніякай забароны на святкавання Хэлоўіна ў навучальныя ўстановы горада не паступала.

«Упраўленне адукацыі не забараняе такія святы, але і дазволу не дае. Пагадзіцеся, на такія мерапрыемствы не трэба афіцыйны дазвол. А хто каму забараняе — я не ў праве сёння каментаваць», — сказала першая намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Галіна Курганская.

Што тычыцца паведамленняў аб забароне, то адміністрацыя навучальных устаноў можа прымаць такія рашэнні самастойна.

[irp posts="90 244″ name="Сметніца-джэнтльмен, баяністка і драўляны турыст. Гродзенскія жахі, у якія можна апрануцца на Хэлоўін"]

Царква супраць Хэлоўіна, але ўказанняў не дае

Каб даведацца меркаванне царквы адносна забаронаў Хэлоўіна ў школах, мы звярнуліся да айца Георгія Роя, настаяцеля Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне. Ён адзначыў, што царква сёння ніяк не можа ўплываць на рашэнні сістэмы адукацыі.

«Царква аддзелена ад дзяржавы і школы. Ніякіх прамых магчымасцяў уплываць на свецкую сістэму адукацыі ў нас няма і мы да гэтага не імкнемся, — кажа Георгій Рой. — Стаўленне адміністрацый школ або кіраўнікоў аддзела адукацыі да Хэлоўіна — гэта іх самастойнае рашэнне. Але я не выключаю, што гэта можа быць прадыктавана ўсё-ткі тым, што Хэлоўін не з’яўляецца традыцыйным святам нашага народа. Ён нясе псеўдакаштоўнасці, якія чужыя ў нашай культуры.

Адзінае, што царква можа сказаць і што я кажу як святар хрысціянскай царквы, гэта тое, што хрысціянам нельга ўдзельнічаць у святкаванні Хэлоўіна. Для хрысціян гэта грэх. А людзі, якія сябе лічаць атэістамі або паслядоўнікамі іншых рэлігій, гэта іх выбар і я ў гэтыя справы ўмешвацца не магу і не хачу. Тут у чалавека поўная свабода".

Што такое Хэлоўін?

У Гродне ў апошнія гады Хэлоўін стаў папулярны сярод моладзі. Ён успрымаецца проста як касцюміраванае мерапрыемства. Між тым, у Хэлоўіна доўгая гісторыя, якая каранямі сыходзіць у традыцыі старажытных кельтаў. Адзначаюць гэтае свята 31 кастрычніка — напярэдадні Дня ўсіх святых у католікаў.

Упершыню людзі пераапрануліся ў маскарадныя касцюмы ў 1895 годзе ў Шатландыі. Звычайна касцюмы насілі дзеці, якія ў ноч Хэлоўіна хадзілі па хатах і выпрошвалі прысмакі. З часам сталі пераапранацца і дарослыя. Асноўная тэма касцюмаў на Хэлоўін — розныя нячысцікі або звышнатуральныя персанажы, аднак папулярныя і касцюмы на зусім адвольную тэматыку. Апошнім часам можна ўбачыць людзей перапранутых у фей, каралёў, дзеячаў поп-культуры і нават у ролевыя касцюмы сэксуальнай тэматыкі.

[irp posts="2240″ name="Страшная сіла. 12 крокаў да святочнага макіяжу на Хэлоўін"]

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life