У гродзенскую школу №34 (Вішнявец, Кастрычніцкі раён) сярод першакласнікаў пададзена толькі адна заяўка ў беларускамоўны клас. Каб ён адкрыўся, патрэбна яшчэ 1-2 заяўкі.

Інфармацыя пра гэта з’явілася ў “Гарадзенскай суполцы роднай мовы” ў Facebook. У выпадку адкрыцця клас атрымаецца невялікі і кожны вучань атрымае шмат увагі, тлумачыць аўтарка допісу. “Гэта будзе амаль індывідуальнае навучанне. Настаўніцу таксама вельмі хвалілі!”, – дадае жанчына. Да таго ж, у школе ёсць свой басейн. Дырэктар 34-й школы Віталь Парманчук адзначаў, што школа мае добрую базу для навучання на беларускай мове. Наборы ў беларускамоўныя класы ідуць больш за 10 гадоў.

Акрамя школы №34, беларускамоўныя класы ёсць ў Ленінскім райне Гродна ў школе №32, на Дзевятоўцы. Сёлета ў першы клас туды ўжо падалі заяўкі 6 чалавек. У былой “польскай школе” №36 выкладанне цалкам перавялі на рускую мову, але магчыма там захаваецца першы беларускі клас 2021 года набора.

«Калі б была рэальная роўнасць моваў і палова школ была бы рускамоўных, палова беларускамоўных — школы былі бы ў крокавай дасягальнасці для навучэнцаў”, — адзначаў раней былы кіраўнік абласной рады „Таварыства беларускай мовы“ Віктар Парфёненка.

Як змянялася сітуацыя з беларускай мовай у школах

У пачатку 1990-х у Гродне было 28 школ з выкладаннем на беларускай мове. Потым не засталося ніводнай. Толькі 10 гадоў таму ў горадзе зноў з’явілася магчымасць вучыцца па-беларуску.

Каб адкрыць у школе ці дзіцячым садку клас або групу з беларускай мовай навучання, ініцыятыву мусіць праявіць група бацькоў, нават невялікая, тлумачыў раней старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой. 

Чытайце таксама: