Ноччу 27 ліпеня пасля цяжкай хваробы памерла спявачка і выкладчыца Вера Васільеўна Кунцэвіч. Пра гэта паведамілі сябры памерлай.

Гродзенка Вера Кунцэвіч нарадзілася 22 траўня 1954 года. Яна прафесійны музыка, выкладала ў педагагічным каледжы (цяпер – Гуманітарны коледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Я.Купалы) дырыжыраванне і фальклор.

Заснавала хор беларускай духоўнай музыкі “Бацькаўшчына”, якім кіравала 20 гадоў. Хор стала ўдзельнічаў у фестывалях, рэлігійных службах і нацыянальных каляндарна-абрадавых святах – на Вялікдзень, Купалле, Каляды. Неаднаразова выязджалі з канцэртамі за мяжу: у Польшчу, Украіну, Літву, Данію, Нямеччыну, Францыю. У 2017 годзе хор адсвяткаваў сваё 25-годдзе.

Таксама Вера Кунцэвіч была адной з удзельніц ініцыятыўнай групы па стварэнні і выкладчыцай у гродзенскім “Універсітэце Залатога Веку” – праграме паляпшэння якасці жыцця сталых людзей. У межах гэтага праекта яна стварыла хор “УЗВышша”, праводзіла “Беларускія вячоркі”, ладзіла Гуканне вясны ды іншыя народныя святы.

https://www.youtube.com/watch?v=xIkVyUFvc3s

Чытайце таксама: У Гродне памёр Міхась Патрэба, адзін з лідараў сацыял-дэмакратаў 90-х