У Гродне затрымалі палітычнага актывіста Дзмітрыя Бандарчука. Гэта адбылося раніцай 28 чэрвеня. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў у сваім Facebook.

Пра затрыманне Дзмітрыя Вадзім даведаўся ад яго суседзяў. “Зранку. Бачылі як выводзілі [Дзмітрыя – Hrodna.life]. Пакуль усё”, – сказаў Hrodna.life актывіст Вадзім Саранчукоў. Сам ён ужо нейкі час жыве ў Літве.
Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
UPD 4 ліпеня. Бандарчука затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў – лістовак. Падчас затрымання актывіста збілі і звезлі на мікрааўтобусе на мінскіх нумарах. У доме правялі вобшук.
Блізкія Дзмітрыя даведаліся, што яго даставілі ў аддзяленне міліцыі мікрараёна “Дзевятоўка” на вул.Дубко.
Зараз Бандарчук на волі ў Гродне. Каментары ён пакуль не дае, пра гэта Hrodna.life сказаў актывіст Вадзім Саранчукоў.
Хто такі Дзмітрый Бандарчук
Дзмітрый Бандрачук – 42-гадовы гродзенскі палітычны актывіст. У мінулым кіраваў кампаніяй “Гавары праўду” у Гродзенскай вобласці. Удзельнічаў як кандыдат у мясцовых выбарах. Прасоўваў ідэі рэгіянальнага развіцця, быў у рабочай групе Гродзенскага гарвыканкама па выбары турыстычнага брэнда горада. Быў адным з арганізатараў свята на Дзень Волі ў 2017 – 2019 гадах. У час выбарчай кампаніі 2020 года быў актывістам штаба Валерыя Цапкалы. У жніўні 2020 года ўдзельнічаў у перамовах паміж пратэстоўцамі і мясцовымі ўладамі.


