Старажытны тунэль са сходамі XIV стагоддзя знайшлі ў Крэўскім замку. Яго выявілі ў Малой вежы. Гэтая знаходка можа дапамагчы рэстаўратарам пры стварэнні праекта рэканструкцыі данжона. Пра гэта паведаміла «Рэгіянальная газета».

У Крэўскім замку знайшлі тунэль XIV стагоддзя. Чым карысная гэтая знаходка?
Крэўскі замак. Крыніца: Іnstagram.com

«У Малой вежы Крэўскага замка знайшлі тунэль сходаў. Гэта вельмі рэдкая знаходка, бо многія канструкцыйныя элементы былі панішчаныя ў замку войнамі, найперш Першай сусветнай», — сказаў Алег Дзярновіч, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Ён ужо шмат гадоў даследуе Крэва.

Тое, што лесвіца захавалася — цуд, лічыць гісторык. На прыступках можна ўбачыць адбіткі драўляных бэлек, якія ляжалі на цэгле. Яны былі замацаваны вапнавай рошчынай.

Па словах Дзярновіча, падобны тунэль, але трохі большы, размяшчаўся ў данжоне [Княская вежа — Hrodna.life]. Таму знаходка можа дапамагчы рэстраўратарам падчас стварэння праекта рэканструкцыі Княскай вежы Крэўскага замка.

Чым адметны Крэўскі замак

У Крэве ў 1385 годзе была падпісаная ўнія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Што да часу зяўлення замка, даследчыкі дапускаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагодздзя, некаторыя дапускаюць, што можа быць нават сярэдзіна ХІІІ. Сходзяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім ВКЛ ён стаіць ля вытокаў мураванага абарончага дойлідства.

Замак страціў абарончае значэнне ў XIX стагоддзі і быў закінуты. Ён моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. Нямецкія войскі размясціліся на тэрыторыі замка, таму расійская артылерыя выпускала снарады менавіта туды. З-за гэтага да нашых дзён захавалася толькі «нутро» сцен, бо фасад быў знішчаны.

У міжваеннай Польшчы ў канцы 1920-х рэстаўратары ўмацавалі парэшткі сцен. У савецкі часы гаворка пра кансервацыю руінаў не ішла. У 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у спіс з трох дзясяткаў помнікаў даўніны, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі. З таго часу з бюджэту на яго захванне было выдаткавана каля паўмільёна долараў.

Летам 2021 года ў Крэўскім замку завяршылі кансервацыю дзвюх сценаў і ўсталявалі браму. Зараз трапіць ва ўнутраны двор можна толькі з экскурсіяй, набыўшы білет.