Суд Ленінскага раёна Гродна 11 траўня асудзіў 20-гадовага хлопца па ч.1 арт.339 КК (Жорсткія абыходжанні з жывёлай, якія прывялі да яе смерці, здзейсненыя з хуліганскіх памкненняў). Абвінавачаны віну прызнаў. Яго пакаралі адным месяцам арышту, паведаміў Блог Гродна s13.ru. Акрамя арышту, суд абавязаў яго выплаціць матэрыяльныя выдаткі ў памеры 1,62 рублі.

За забойства - месяц арышту. У Гродне асудзілі жывадзёра, які павесіў у Пышках сабаку
Фотаздымак з месца злачынства ў Пышках. Крыніца: Старонка ў «ВКонтакте» — «След жизни» — животные Гродно

Што адбылося?

Дзмітрый — 20-гадовы хлопец, які працуе поварам у адным з гродзенскіх супермаркетаў. Яго сяброўка Анастасія ў снежні 2021 года ўзяла сямімесячнага сабаку ў пункце часовага ўтрымання безнаглядных жывёл у Гродне. Калі ў студзені 2022 года дзяўчыне трэба было пераехаць да бацькоў, яна не магла забраць жывёлу з сабой. Яна папрасіла сябра забраць жывёлу.

Абвінавачаны не ведаў, што рабіць са шчанюком. У яго не было магчымасці адвезці жывёлу ў вёску. Паводле яго словаў, назад у пункт утрымання сабаку прымаць адмовіліся. Праўда, высветлілася, што насамрэч ён і не спрабаваў аддаць туды жывёлу. Замест гэтага ён адвез сабаку ў Пышкі, павесіў да ствала дрэва на павадок і сышоў.

Калі валанцёры, што дапамагаюць пункту часовага ўтрымання, даведаліся, што ў Пышках знайшлі павешанага сабаку, то звязаліся з гаспадыняй. Анастасія сказала, што з жывёлай усё добра і што сабака нібыта жыве ў дзядулі. Пазней дзяўчына знікла і выдаліла акаўнты ў сацсетках, а таксама змяніла нумар тэлефона.

Абаронцы жывёл звярнуліся ў праваахоўныя органы з заявай. Падазраванага знайшлі ў красавіку, паведамілі ў Следчым камітэце.

Павесіў, бо «выбару не было»

«Мая сяброўка папрасіла адвезці шчанюка ў вёску ў Лідскі раён. Я дамовіўся з сябрам, але ў апошні момант ён мне адмовіў. У прытулак везці назад я баяўся, проста пакінуць у горадзе таксама не вельмі - ён мог бы вярнуцца. Такое ўжо было аднойчы, сабака згубіўся і сам вярнуўся дадому. Выбару ў мяне не было. І я адвёз шчанюка ў лесапарк Пышкі», — распавёў Дзмітрый у судзе.

Анастасія, якая ўзяла сабаку ў пункце часовага ўтрымання, казала, быццам хацела адвесці жывёлу на вёску да дзядулі. Але ў судзе высветлілася, што дзядуля памёр у 2008 годзе.

Пра тое, што Дзмітрый павесіў сабаку ў Пышках, Анастасія даведалася ад яго самога. Праз некалькі гадзін ён прыйшоў да дзяўчыны і прызнаўся.

«Я крычала на яго, лаялася. Спачатку думала, што гэта жарт нейкі. Я сказала яму: трэба ехаць у лес, раптам, яна яшчэ жывая. Але Мэй [так звалі сабака — заўв. Hrodna.life] ужо была мёртвая», — сказала Анастасія ў судзе.

Што кажуць валанцёры

«Малышцы нашай проста не пашанцавала. У гэты дзень па яе павінен быў прыехаць іншы гаспадар. Але ў САГу [Спецаўтагаспадарка, да якой належыць пункт часовага ўтрымання жывёл — Hrodna.life] дзяжурыў у гэты час іншы валанцёр, які не ведаў пра гэта. І аддаў шчанюка Анастасіі. Мы заўсёды папярэджваем усіх людзей, каб у выпадку чаго сабаку вярталі да нас. Так было і ў гэты раз», — сказала ў судзе старшыня грамадскай арганізацыі «Спаси жизнь» Вольга Мацкевіч.