Супрацоўнікі Гродзенскага міжраённага аддзелу Следчага камітэта высветлілі асобу жывадзёра, які 21 студзеня 2022 года ў лесапарку Пышкі павесіў на дрэве сабаку. Жывёла задушылася, а яе цела задубела на марозе. Гісторыю расказала афіцыйная прадстаўнічка Следчага камітэта Юлія Ганчарова ў эфіры «Радыё Мінск».

Забіў, бо не мог адвезці на вёску. Следчыя знайшлі жывадзёра, які зімой павесіў у Пышках сабаку
Фотаздымак з месца злачынства ў Пышках. Крыніца: Старонка ў «ВКонтакте» — «След жизни» — животные Гродно

Злачынец — 20-гадовы мужчына, які працуе поварам. Яго сяброўка ў снежні 2021 года ўзяла сямімесячнага сабаку ў пункце часовага ўтрымання жывёл у Гродне. Калі дзяўчыне трэба было пераехаць да бацькоў, яна не магла забраць жывёлу з сабой. Яна папрасіла сябра забраць жывёлу.

Падазраваны патлумачыў следчым, што не ведаў, што рабіць са шчанюком. У яго не было магчымасці адвезці жывёлу ў вёску. Паводле яго словаў, назад у пункт утрымання сабаку прымаць адмовіліся. Праўда, высветлілася, што насамрэч ён і не спрабаваў аддаць туды жывёлу. Замест гэтага ён адвез сабаку ў Пышкі, павесіў да ствала дрэва на павадок і сышоў.

Што пагражае злачынцу

Мужчыну прад’явілі абвінавачанне па ч.1 арт.339−1 КК (Жорсткія абыходжанні з жывёлай, якія прывялі да яе смерці, здзейсненыя з хуліганскіх памкненняў). Жывадзёра могуць пакараць грамадскімі працамі альбо штрафам, ці папраўчымі працамі да аднаго году, ці арыштам.