390 вакансіі для лекараў адкрыты ў Гродзенскай вобласці. У Гродне шукаюць 75 спецыялістаў. Рэдакцыя Hrodna. life прааналізавала сітуацыю на сайце Дзяржаўнай службы занятасці і даведалася, колькі ім гатовыя плаціць.

Самыя раннія вакансіі датаваныя 10 сакавіка, пазнейшыя — 12 красавіка. Больш за ўсё вакансій у Дзятлаўскім раёне — каля 30. У лідарах па недахопе лекараў таксама Воранаўскі раён (15), Ашмянскі (15), Шчучынскі (13), Навагрудскі (13).

У Гродне адкрыты 75 вакансій. 10 медыкаў патрабуюцца ў Цэнтральную гарадскую стаматалагічную паліклініку. Таксама лекар патрабуецца ў 1134 ваенны клінічны медыцынскі цэнтр. Трох медыкаў шукаюць у «АзотСэрвісе».

На заробкі ад 1000 рублёў - дадатковыя ўмовы

На стаўку лекарам гатовыя плаціць ад 650 да 1600 рублёў. Сярэдняя зарплата — 700−900 рублёў. 1600 рублёў гатовыя плаціць урачу-анестэзіёлагу-рэаніматолагу ў гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Гродна. Як правіла, заробкі для вакансій пазначаюць да выплаты падаткаў.

Працадаўцы, гатовыя плаціць ад 1000 рублёў, выстаўляюць дадатковыя ўмовы. Напрыклад, за 1000 рублёў хірург з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй павінен мець кваліфікацыйную катэгорыю, вопыт працы не менш трох гадоў і досвед працы ў медэкспертызе. 1178 рублёў гатовыя плаціць дэрматавенеролагу з вышэйшай адукацыяй і стажам працы ад шасці гадоў.

Некаторыя ўстановы шукаюць спецыялістаў на 0,5 ці 0,25 стаўкі.

У вобласці не хапае 292 медсёстры

Таксама ў горадзе шукаюць 94 медыцынскіх сястры. Сярэдні заробак — 500−600 рублёў на адну стаўку. 2700−2800 рублёў гатовыя плаціць медыцынскай сястры-анестэзісту аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі з наяўнасцю перападрыхтоўкі па спецыяльнасці «Анестэзіялогія». Такую вакансіі размясціла Гродзенская абласная інфекцыйная клінічная бальніца. У вобласці ж не хапае 292 медсястры.

Чаму ў Беларусі не хапае лекараў

На 9 красавіка ў агульнарэспубліканскім банку вакансій для лекараў размешчана 3500 вакансій, заўважыла Z**kalo.io. На 12 красавіка лічба складала 3517 вакансій. Для параўнання: на канец лістапада мінулага года ў цэлым па краіне было 3163 прапановы ад наймальнікаў для ўрачоў-спецыялістаў. Дэфіцыт лекараў назіраецца на фоне затрыманняў медыкаў і ад’езду некаторых медработнікаў з краіны, мяркуе выданне.

Рэпрэсіі ў дачыненні да лекараў

У Гродзенскай вобласці таксама былі выпадкі эміграцыі лекараў. Валерый Лышчык удзельнічаў у пратэстах у Гродне, выступаў на плошчы, распавядаў пра рэальную сітуацыю з COVID-19. У снежні 2020 года з-за грамадзянскай пазіцыі ён пазбавіўся пасады загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі № 3 Гродзенскай універсітэцкай клінікі. Калі з ім не працягнулі кантракт, ён вырашыў змяніць сваё жыццё. У 46 гадоў Валерый кінуў кар’еру ў Беларусі і з’ехаў у Польшчу.

55-гадовая лекарка з Ліды Ірына Здота прайшла праз збіццё і адміністрацыйны арышт. У свой час яна пайшла ў бестэрміновы страйк. Пазней Ірыне стала вядома пра распачатую ў дачыненні да яе крымінальную справу. Фонд B*SOL дапамог ёй пакінуць Беларусь.

Блогер і фельчар хуткай дапамогі з Гродна Фёдар Сумкін (Астаповіч) з сям’ёй з’ехаў з Беларусі. Цяпер яны будуюць жыццё ў Польшчы. На пытанне пра прычыну ад’езду сям’я Астаповіча намякнула, што справа ў магчымасці крымінальнага пераследу.

Hrodna.life вядома аб як мінімум двух іншых выпадках ад’езду ў сувязі з магчымымі рэпрэсіямі. Медыкі не пажадалі распавядаць пра іх публічна. Таксама іх неаднаразова затрымлівалі і выносілі рашэнне пра штраф або адміністрацыйны арышт.

Чытайце таксама: