Праектную дакументацыю на будаўніцтва дзіцячага садка ў Грандзічах ужо падрыхтавалі. Дзіцячыя садкі ў Скідзелі, Лідзе і Слоніме ўжо будуюць, у планах садок у Ашмянах. Садкі абяцаюць пабудаваць да 2025 года. Пра гэта паведаміў кіраўнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык перад сесіяй абласнога Савета дэпутатаў.

Для новага дзіцячага садка ў Грандзічах ужо падрыхтавалі дакументацыю. Існуючы садок моцна перагружаны
Грандзічы-2. Фота: Hrodna.life

«На дадзеным этапе ідзе будаўніцтва дзіцячых садкоў на 190 месцаў у Скідзелі, Лідзе і Слоніме. Зроблена праектна-сметная дакументацыя для будаўніцтва садка на 335 месцаў у Гродне у мікрараёне Грандзічы-3. Запланавана ўзвядзенне дашкольнай установы ў Ашмянах», — сказаў Абрамчык.

Усе дзіцячыя садкі плануюць пабудаваць да 2025 года. Узвядзенне адбываецца па дзяржаўнай праграме «Адукацыя і моладзевая палітыка».

Чытайце таксама: Дзіцячага садка ўжо не хапае. Што ў Грандзічах дабудуюць да 2025 года

Колькі ў Гродзенскай вобласці працуе дзіцячых садкоў

У вобласці працуе 414 дзіцячых садкоў. Іх наведвае 45 тыс. дзяцей. У дашкольных установах функцыянуе 1146 груп кароткатэрміновага перабывання, 96 санаторных груп, 274 групы інтэграванай адукацыі і выхавання, 354 спецыяльныя групы, 262 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Акрамя гэтага 87 дадатковых месцаў для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту адкрылі ў садках праз адкрыццё дадатковых памяшканняў, якія раней не выкарыстоўвалі па прызначэнні.

У Грандзічах плануюць будаваць па адным садку ў год да 2027 года

Да 2027 года ў Грандзічах плануюць будаваць па адным дзіцячым садку штогод. Акрамя гэтага, чыноўнікі абяцалі пачаць праектаванне дзіцячага садка разам з пачаткова школай. Там пасля выпуска з садка дзяцей будуць вучыць да пятага класа, а пазней пераводзіць у школу па месцы жыхарства альбо са спецыяльным ухілам. За межамі новых мікрараёнаў будаўніцтва садкоў не запланавана.

Садок на 335 месцаў, пра які сказаў Абрамчык, абяцалі здаць у эксплуатацыю ў 2023 годзе. У яслі-сад № 111 на 230 месцаў, які адкрылі ў 2021 годзе, зараз ходзяць 338 дзяцей.

Да 2025 і далей

Жылы раён Грандзічы пачалі будаваць у 2018 годзе. Асноўны забудоўшчык — ААТ «Гроднажылбуд». Усяго тут збіраюцца пабудаваць 22 мікрараёны: 14 пад шматпавярховую забудову і 8 — для прыватных дамоў. Паводле планаў у Грандзічах будуць пражываць 65 тысяч чалавек. Агульная плошча мікрараёна — 653 гектары.

Праца над рэалізацыяй праекта да 2025 цалкам не завершыцца. Яе разлічваюць яшчэ на 10−12 гадоў.