Раніцай у суботу 26 чэрвеня Дзяніс Ушкевіч чакаў гасцей з Мінска. Напярэдадні ён доўга прыбіраў кватэру, падрыхтаваўся да экскурсіі па Гродне, завёў будзільнік на 10.00. Але разбудзіў яго «шчаслівы настойлівы званок у дзверы» каля 8.00, па якім ён «інтуітыўна» пазнаў праваахоўнікаў. Наперадзе яго чакалі затрыманне па арт. 24.23 КаАП, тры дні і дзве ночы ў ІЧУ і позва ў суд. Прычына — налепка «Пагоня» на балконе.

Раніцай суботы да Дзяніса прыйшлі двое супрацоўнікаў у форме — жанчына і мужчына. Яны, па яго словах, пацікавіліся налепкай «Пагоня». «Тыповая аўтамабільная» налепка «Пагоня» памерам 10−15 сантыметраў была «налепленая прыгожа, роўна, акуратна» на сярэдняй секцыі балкона кватэры на трэцім паверсе. Вісела больш за год і «нікому не замінала». Дзяніс мяркуе, што яго затрымалі з-за «стукача».

«Праблема» стукачоў «у краіне існуе. < … > Яны не разумеюць, ува што ўвязаліся. Стаўшы „стукачом“ адзін раз, сістэма ім будзе рабіць раз за разам прапановы, ад якіх яны не змогуць адмовіцца. < … > Праца не выгадная, не трэба ёй займацца», — лічыць Дзяніс і адзначае, што іх усіх лёгка рассакрэціць, пасля чаго іх чакае грамадскае ганьбаванне. Але сам лекар адзначае, што помсціць нікому не збіраецца.

Дзянісу Ушкевічу 41 год. Ён — урач-анестэзіёлаг аддзялення рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі Гродзенскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра. Захапляецца гісторыяй, краязнаўствам і фізкультурай — у тым ліку парашутным спортам, дайвінгам і «качалкай». Быў затрыманы 9 жніўня ў Гродне.

Чытайце таксама: В Гродно задержали врача-анестезиолога. Его ждет суд

Вывучылі тэлефон і канфіскавалі тэхніку

Супрацоўнікі міліцыі Дзяніса адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС для дачы паказанняў. Тут вывучылі змесціва тэлефона Дзяніса — асабліва супрацоўніка РАУС цікавілі фота з БЧБ-сцягам. Дзяніс не адмаўляў, што фатаграфаваўся з ім на адпачынку і дома. Лекар вырашыў, што тэлефон ўзламаюць і без яго, таму дазволіў вывучыць яго.

Пасля дачы тлумачэнняў Дзяніс з супрацоўнікамі РАУС паехалі да яго дадому на агляд. Яго балкон сфатаграфавалі. Падчас агляду забралі тэлефон і сістэмны блок кампутара. Акрамя налепкі, знайшлі маленькі БЧБ-сцяжок. Па словах Дзяніса, супрацоўнік міліцыі пазней вярнуўся без яго і ўсё гэта сфатаграфаваў. Акрамя таго, сябры перадалі лекару, што ён «даўно ў Viber, у Telegram», хоць доступу да інтэрнэту ў яго няма.

«Навучыўся спаць стоячы»

Каля 18.00 26 чэрвеня Дзяніс трапіў у ізалятар часовага утрымання (ІЧУ) Гродзенскай турмы на Кірава, 1. «Мне адразу далі зразумець, што я — асаблівая катэгорыя, «палітычная». Супрацоўнікі патлумачылі некаторыя асаблівасці рэжыму: нам нельга ў дзённы час спаць, ляжаць на шконках і сядзець, за выключэннем часу прыёму ежы.

Я навучыўся спаць стоячы. Розныя паставы прымеш, абапёршыся аб шконку. Металічны куток, які падтрымлівае шконку, абдымаеш адной нагой, пакуль яна не стоміцца, падзасынаеш, калена расслабляецца, прагінаецца наперад, прачынаешся, зноў падцягвацца на руках, потым змяняеш нагу — ужываеш розныя паставы.

Альбо прысаджваешся на століку, які як у цягніку ў купэ. Рукі кладзеш на шконку, і галаву на адзін з бакоў. І такім чынам засынаеш. Гэта самая рэкамендуемая пазіцыя, скажам так".

"Навучыўся спаць стоячы". Затрыманы ў Гродне анестэзіёлаг — пра трое сутак у ІЧУ і адміністратыўку за «Пагоню»
Адзенне сушыцца ў камеры на самаробных вяроўках. Малюнак: Hrodna.life

Чытайце таксама: Унітаз затыкаюць хлебам, вяроўкі робяць з пакетаў. Як выжываюць вязні гродзенскай турмы

«Душэўныя хлопцы» і чатыры ператрусы ў суткі

У камеры з Дзянісам было яшчэ трое затрыманых. «Са мной былі дастаткова душэўныя хлопцы. Яны па „п'яным справах“ — бойкі, сямейныя скандалы — такога плана. Яны ўсе працвярозелі, прыйшлі ў сябе, ім стала лепш. Вельмі душэўныя людзі, добра з імі правёў час. Мы нават сабраліся адзін аднаго знайсці пасля выхаду і „абмыць“ вызваленне. Праўда, так і не змаглі тэлефонамі абмяняцца — не на што было запісаць». Сукамернікаў Дзяніса адправілі ў суд раніцай у панядзелак.

"Навучыўся спаць стоячы". Затрыманы ў Гродне анестэзіёлаг — пра трое сутак у ІЧУ і адміністратыўку за «Пагоню»
Дзяніс Ушкевіч. Фота: Алена Кавальчук

Сукамернікі Дзяніса маглі сядзець і ляжаць на матрацах. Лекару выдавалі матрац толькі на ноч. Чатыры разы за суткі ў камеры праводзілі ператрус. У гэты час вязняў выводзілі з камеры тварам да сцяны з рукамі за спіной. Іх абшуквалі металашукальнікам і праводзілі «тактыльны агляд». Два разы за ноч — каля дзвюх і пяці ночы — Дзяніса будзілі. Ён павінен быў назваць свае дадзеныя, дату нараджэння і артыкул. «Пад вокнамі часта вылі і брахалі сабакі - досыць некамфортна», — апісаў сон у камеры Дзяніс. У вочка час ад часу зазіралі наглядчыкі.

Што тычыцца харчавання, па словах лекара «кармёжка, вядома, так сабе». Падчас агляду кватэры ён змог сабраць сабе сродкі гігіены і трохі ежы. Першы дзень харчаваўся тым, што ўзяў з дому. Сябе Дзяніс назваў «абжорам», але адзначыў, што ў турме есці не так хочацца.

Чытайце таксама: «Добавили грамм лаврового листа — получили штраф в $ 400». Кто поставляет в изолятор Гродно обеды с «совдеповскими» котлетами

«Я стараўся нічога не рабіць, хадзіць, думаць. Калі шмат рухаешся, шмат мітусішся, пацееш — а душа няма», — распавёў ён Hrodna.life. На шпацыр Дзяніса не выводзілі, перадачу яму нават не спрабавалі перадаць.

Пра турэмны"сэрвіс"

Дзяніс з грубіянствам з боку міліцыянтаў не сутыкнуўся: яго не білі, размаўлялі ветліва. Не лічачы таго, што само знаходжаньне ў турме — «рэзкі дыскамфорт». Сам ён размаўляў з праваахоўнікамі добразычліва. «А хлопцы-наглядчыкі - ім не трэба цырымоніцца з зняволенымі. Але гэтыя правілы напісаны крывёю. Усе гэтыя нюансы — рукі за спіну, тварам да сцэнкі - прадыктаваныя тым кантынгентам, з якімі яны звычайна працуюць. Гэта людзі, ад якіх супрацоўнікі могуць у любы момант пацярпець. Гэта можна зразумець, гэта можна тлумачыць. Прэтэнзіі не да гэтых хлопцаў», — лічыць Дзяніс.

Чытайце таксама: «Персонал хамоватый, номера не очень». Что об изоляторах Гродно пишут в отзывах на картах

 — Калі разглядаць турму як бізнэс-канцэпцыю, то не ведаю, вядома, усё гэта не вельмі шыкоўна. Я па выніку атрымаў паперку, што мне трэба заплаціць 29 рублёў за ўвесь гэты сэрвіс. Вядома, адносна крутых гасцініц гэта не грошы, але з іншага боку, мяне ж ніхто туды не запрашаў, мяне туды сілком завезлі. Які-небудзь «Сямашка», напрыклад — там і сабакі не брэшуць, і калючага дроту няма. Я разумею, што даражэй, але людзі могуць сабе дазволіць, калі захочуць, — пажартаваў пра тры дні Дзяніс.

Пацыент мог пацярпець

Чакаючы гасцей, Дзяніс узяў некалькі выходных да абеду панядзелка. Але ў іншай сітуацыі ён мог бы выходзіць да 8.00 на працу і не паспець да пацыента. Тады зменшчыку Дзяніса давялося б тэрмінова выязджаць на працу, хоць ён мог быць у паездцы або, напрыклад, расслабляцца.

У суботу Дзяніс паспеў паведаміць бацькам аб затрыманні, і яго зменшчык быў гатовы — ніхто не пацярпеў.

Адпрасіцца на выходны Дзянісу спатрэбіцца і 9 ліпеня. А 10.00 у судзе Кастрычніцкага раёна яго будуць судзіць за «пікетаванне» паводле арт. 24.23 КаАП.

Чытайце таксама:

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life