Навіны

У Гродне затрыманы загадчык артапеда-траўматалагічнага аддзялення. Па Беларусі затрымалі дзясяткі лекараў

У Гродне затрымалі Андрэя Тодрыка, загадчыка артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) Гродна, паведаміла крыніца Hrodna.life. Тодрык — адзін з дзясяткаў затрыманых у Беларусі траўматолагаў. Інфармацыю пацвердзілі Hrodna.life у аддзяленні БХМД. Там паведамілі, што загадчык знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Мінску.

Тодрык Андрэй Тадэвушавіч — урач траўматолаг-артапед першай катэгорыі, стаж працы — 21 год. Яму 54 гады. З 1995 года ён працаваў урачом-траўматолагам у БХМД, з 2015 года — загадчыкам траўматалагічнага аддзялення. Андрэй уваходзіць у сямейную дынастыю Тодрыкаў з агульным працоўным стажам у 61 год.

У аддзяленні, якое ён ўзначальвае, аказваюць каля 20 відаў паслуг. Сярод іх — аперацыі на ўсіх аддзелах пазваночніка, эндапратэзаванне тазасцёгнавых і каленных суставаў, хірургічнае лячэнне няправільна зрослых пераломаў.

У прыёмнай лекара не знялі слухаўку — даведацца, хто выконвае яго абавязкі з моманту затрымання, у Hrodna.life не атрымалася. На сайце БХМД ён усё яшчэ пазначаны загадчыкам.

Андрэй Тодрык. Фота: bsmpgrodno.by

Што адбылося?

25−26 сакавіка ў Беларусі былі затрыманыя ад 25 да 50 траўматолагаў, паведамляе Z**kalo.io. Блізкія аднаго з затрыманых распавялі выданню, што лекар праходзіць па частцы 2 артыкула 430 КК «Атрыманне хабару паўторна, альбо шляхам вымагальніцтва, альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо ў буйным памеры». Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле — 10 гадоў пазбаўлення волі. Працэсуальны статус затрыманых пакуль невядомы. Аб затрыманні лекараў стала вядома праз тры дні. Ператрусы праводзіў КДБ. Паводле інфармацыі журналістаў, затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Дзе прайшлі затрыманні?

  • У Віцебску затрыманыя супрацоўнік ВДМУ і галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Віцебскай вобласці Канстанцін Балабошка, загадчык траўматалагічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Андрэй Крылоў і загадчык траўматалагічнага аддзялення БХМД у Віцебску Аляксандр Царкоўскі. Паводле інфармацыі Z**kalo.io, гэта адбылося 26 сакавіка, у кабінетах медыкаў прайшлі ператрусы.
  • Затрыманы загадчык траўматалагічнага аддзялення ЦРБ у Ваўкавыску Яўген Саўко.
  • Гомельскі рэсурс «Флагшток» пісаў пра затрыманне дзвюх загадчыкаў аддзяленнямі траўматалогіі — у абласной клінічнай бальніцы і абласным анкадыспансеры.
  • Таксама затрыманыя тры траўматолагі з мазырскай ЦРБ, паведамляе The Village.
  • 29 сакавіка быў затрыманы загадчык рэабілітацыйнага аддзялення для траўматолага-артапедычных хворых гарадской клінічнай бальніцы № 11 Мінска траўматолаг-артапед Алег Ліпніцкі. Паводле інфармацыі на 30 сакавіка, таксама затрыманы яшчэ доктар Андрэй Варановіч з Мінскага Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «траўматалогіі і артапедыі». 30 сакавіка раніцай таксама быў затрыманы галоўны ўрач гарадской клінічнай бальніцы № 11 Мінска Урублеўскі Валерый. Акрамя таго, паведамляюць, што затрымалі шасцярых медыкаў у Мінскай абласной клінічнай бальніцы і некалькіх з гарадской клінічнай бальніцы № 6 горада Мінска, паведамілі «Б**ыя халаты».
  • Быў затрыманы былы галоўны траўматолаг Брэсцкай вобласці і былы загадчык аддзялення траўматалогіі Брэсцкай абласной бальніцы Кісель Сямён, паведамілі «Б**ыя халаты».


У чым прычына затрымання?

Па адной версіі, прычына масавага затрымання не палітычная і, хутчэй за ўсё, звязаная з закупкай пратэзаў нямецкай вытворчасці. Іх у краіну пастаўляе толькі адна беларуская кампанія, паведамляе Z**kalo.io.

Суразмоўцы «Нашай Нівы» выказалі падобную здагадку. Па іх словах, на складах «мільёны» пратэрмінаванай прадукцыі для пратэзаў, якія апынуліся незапатрабаванымі. Але пытанне ў такім выпадку павінна быць да аддзела закупак і бухгалтэрыі. З увозам імпартных дэталяў таксама вялікія праблемы з-за лагістыкі і адмоваў супрацоўнічаць. Пратэзы і іх дэталі трэба з часам мяняць. У розныя гады Беларусь закупляла пратэзы розных фірмаў і іх дэталі не пасуюць адзін да аднаго. У такіх выпадках доктар можа параіць, як завезці нейкую дэталь «па-чорнаму», паведамляе «Наша Ніва».

Ва ўсім свеце кампаніі плацяць або аказваюць паслугі медыкам, якія выкарыстоўваюць іх лекі або абсталяванне, распавёў суразмоўца Hrodna.life. Напрыклад, аплачваюць даволі дарагі удзел у профільных канферэнцыях. Іх наведванне неабходна лекарам для росту ў прафесіі. У іншых краінах гэта адрэгулявана заканадаўствам. У нашай краіне — не. Таму тэарэтычна такія выпадкі ў Беларусі можна кваліфікаваць як карупцыю. Па чутках сярод медыкаў, на беларускіх прадстаўнікоў адной з такіх нямецкіх фірмаў «націснулі» і яна «зліла» дактароў.

Па версіі суразмоўцы Hrodna.life і «Нашай Нівы», сярод затрыманых знойдуць «казлоў адпушчэння», астатніх адпусцяць.

«Справа лекараў»

Затрыманне можна параўнаць з беларускай «справай лекараў». У 2018 годзе паводле абвінавачвання аб атрыманні хабараў пры закупках затрымалі 95 чалавек. 22 з іх асудзілі на тэрмін да сямі гадоў пазбаўлення волі. Прычына была ў схеме карупцыйных закупак. Цэны на лекі і медыцынскае абсталяванне часам завышаліся на 10−60% і нават на 100%.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024

Цяпер дабрацца з Гродна ў Віцебск можна без перасадак — гэта адзін з самых доўгіх маршрутаў у краіне

Маршрут праз усю Беларусь запусціла гродзенская фірма "Пазітыў-тур". Шлях з Гродна ў Віцебск складзе амаль…

20 снежня 2024

Гродзенец паказаў, як можна адбудаваць забыты ўсімі палац — атрымаўся б прывабны рэстаран-гатэль

Гродзенскі блогер і краязнаўца Яўген Аснарэўскі прадставіў першую канцэпцыю рэканструкцыі палаца роду Пшаздзецкіх. Калі б…

20 снежня 2024