Медыка Аляксея Мандзіка 23 лістапада асудзілі на чацвёра сутак адміністрацыйнага арышту. Рашэнне вынес суддзя Валерый Шпак у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.

Аляксея судзілі па ч. 1 арт. 19.10 КаАП «Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі» і ч. 2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць».

Верагодна, гэта не першы арышт медыка. Пра яго затрыманне стала вядома 8 лістапада. «Пакаянае» відэа з ім выклалі ў Telegram-каналы, блізкія да сілавікоў. На камеру Аляксей распавёў, што яму 28 гадоў, ён — работнік пятай гарадской паліклінікі, загадчык аддзялення прафілактыкі, урач-тэрапеўт. Даведацца аб папярэдніх арыштах або меры стрымання Hrodna.life не атрымалася — у судзе гэтай інфармацыяй не валодалі, а сваякі не пажадалі камунікаваць з журналістамі.

Затрымліваў медыка ГУБАЗ. Прычына затрымання, якую ён назваў на камеру — удзел у «дэструктыўных Telegram-каналах», дзе ён пісаў «дэструктыўныя і абразлівыя каментары» на адрас супрацоўнікаў АУС. Аляксея прызнаў віну і раскаяўся ў зробленым.

Гэта не першы выпадак ціску на медыкаў у Гродне. Падчас пратэстаў 2020 года ў Гродне затрымлівалі ўрача Антона Прудко, псіхатэрапеўта Ігора Папеню. У ліпені 2021 года за налепку «Пагоню» трое сутак у ІЧУ правёў анестэзіёлаг Дзяніс Юшкевіч. Рэаніматолаг Валерый Лышчык з’ехаў з Беларусі пасля таго, як яму не працягнулі кантракт. Гродзенскі блогер-фельчар Фёдар Сумкін звольніўся з працы і з’ехаў за мяжу.