Каманда «Музея Лідскага бровара» ў партнёрстве з «Фэстам экскурсаводаў» стварылі аўдыягід па больш чым 60 гарадах Беларусі. Гэтыя маршруты ляжаць паміж Мінскам і абласнымі цэнтрамі: гіды можна слухаць анлайн або спампаваць загадзя.

Звесткі пра гарады і мястэчкі два тыдні збіралі праз чат-бот у Telegram @TravelBrovar_bot. Для гіда выбралі пяць экскурсійных кірункаў: з Мінска ў Гродна (праз Ліду), у Віцебск, у Магілёў, у Гомель і Брэст. Маршруты ўключаюць ад 8 да 16 месцаў. Сярод іх і вядомыя, такія як Іўе або Ракаў, і малараскручаныя — Бакшты, Краснае.

Аўтары дасылалі і энцыклапедычныя факты, і гарадскія гісторыі, і асабістыя топы славутасцяў. Экскурсаводам мог стаць любы чалавек. Хоць гід ужо гатовы, чат-бот працягвае працаваць: арганізатары спадзяюцца стварыць яшчэ больш аўдыёэкскурсій.

Сабраныя гісторыі апрацавалі. Экскурсіі дапоўнілі, а факты і лічбы з іх пераправерыла каманда «Фэсту экскурсаводаў», піша marketing.by. Для праекта іх агучыў Мікіта Мініч, беларускі мастацтвазнаўца, экскурсавод і блогер. Таксама ў запісах гучаць папулярныя мелодыі, класічныя вершы беларускай літаратуры, выступы ўдзельнікаў фестывалю SPRAVA і творчасць блогераў.

Маршруты можна слухаць на аўдыё-платформах або спампаваць перад паездкай.

Чытайце таксама: