Першай установай адукацыі, якой прысвоілі імя ў межах ініцыятывы перайменаваньня школаў Гродна, стала гімназія № 6. Цяпер яна афіцыйна называецца гімназія імя Дзяржынскага.

Назваць гімназію ў гонар Фелікса Дзяржынскага ў 1983 годзе хацеў дырэктар школы, на базе якой яна была заснавана. Тады педагогі і вучні і пачалі збіраць матэрыял пра дзейнасць і жыццё Дзяржынскага, расказала ў рэпартажы «Гродна Плюс» дырэктарка гімназіі Таццяна Махнач. «Была праведзена вялікая пошукавая праца», — удакладніла яна. Знайшлі і сваякоў Дзяржынскага.

Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі (1877−1926) — савецкі рэвалюцыйны і палітычны дзеяч родам з Беларусі, адзін з ідэолагаў «чырвонага тэрору» (палітыка застрашвання, арыштаў і знішчэння ворагаў рэвалюцыі па прынцыпе іх класавай прыналежнасці). Заснавальнік і кіраўнік Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (ВЧК) і Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС — карных органаў камуністычнага рэжыму, якія папярэднічалі КДБ. Працаваў у тым ліку і над барацьбой з дзіцячай беспрытульнасцю, і над сістэмай канцлагераў у СССР. Атрымаў мянушку «Жалезны Фелікс».

Каб ўстанова адукацыі атрымала імя ў гонар якой-небудзь асобы, патрэбна карпатлівая праца, распавёў старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой. Трэба атрымаць у тым ліку ўзгадненне ў сваякоў чалавека, чыім імем будзе названая школа. Акрамя таго, у школе павінен быць і музей, і куток памяці гэтаму чалавеку, падкрэсліў ён.

Гродзенскую гімназію перайменавалі першай - у гонар Дзяржынскага. Восенню пераймянуюць ўсе школы
Урачыстае мерапрыемства ў гімназіі. Скрыншот з рэпартажу «Гродна Плюс»

У гімназіі № 6 музей ёсць з 2017 года (з 2005 года музейны пакой). Вялікая яго частка зараз прысвечана мікрараёну Дзевятоўка і яго гісторыі. Экспанаты збіралі школьнікі і настаўнікі, кансультаваліся з краязнаўцамі.

Помнік Дзяржынскаму ўжо быў

У 2018 годзе ў гімназіі № 6 урачыста адкрылі абноўлены бюст Дзяржынскаму і пачалі рыхтаваць музейны стэнд. Ініцыятарам выступіла дырэктарка Таццяна Махнач, якая тады пачала працаваць у гімназіі. Спонсарам рэстаўрацыі стаў КДБ.

Гродзенскую гімназію перайменавалі першай - у гонар Дзяржынскага. Восенню пераймянуюць ўсе школы
Бюст Дзяржынскаму перад гімназіяй № 6. Скрыншот з рэпартажу «Гродна Плюс»

Бюст з’явіўся ў 1985 годзе. Да 2016 года на ім не было подпісу, многія дзеці думалі, што гэта помнік першаму дырэктару. У 2018 годзе крыніца з гімназіі казала «Радыё Свабода», што большасць выкладчыкаў да абнаўлення помніка паставіліся скептычна і разумелі, што гімназія «праславілася» на ўсю краіну ў кепскім сэнсе.

Перайменаваць хочуць усе школы

У Гродзенскай вобласці вырашылі ўсім установам адукацыі прысвоіць імёны людзей, якія зрабілі значны ўклад у гісторыю Беларусі. Падобная традыцыя існуе ў Польшчы. На працягу 2021/2022 навучальнага года школы, ліцэі і іншыя агульнаадукацыйныя ўстановы шукаюць інфармацыю, рыхтуюць праекты і музейныя экспазіцыі, прысвечаныя канкрэтным асобам. Ініцыятарамі новаўвядзенні сталі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый.

Вынікі падрыхтоўчай працы спецыяльныя камісіі будуць правяраць у канцы навучальнага года. У іх склад увойдуць прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў і ветэранскіх арганізацый. Канчатковае рашэнне аб прысвойванні імёнаў прыме мясцовая выканаўчая ўлада летам 2022 года. 17 верасня 2022 года імёны ўстановам адукацыі дадуць ва ўрачыстай абстаноўцы на Кургане Славы.

Гродзенскія гісторыкі назвалі гэтую ініцыятыву цікавай і супярэчлівай. З аднаго боку, яна можа спрыяць папулярызацыі знакамітых імёнаў Радзімы, з другога — зараз могуць абмежавацца імёнамі савецкага пантэона.

Школы ў гонар каго хацелі б бачыць гродзенцы?

У апытанні, праведзеным Hrodna.life сярод чытачоў у Instagram, многія назвалі імёны, звязаныя з нашым рэгіёнам. Гэта Вітаўт, Давыд Гарадзенскі, Аляксей Карпюк, Ян Каханоўскі, Ларыса Геніюш, Ясінскі, навуковец Барыс Кіт, празаік Юрка Голуб, гімнастка Вольга Корбут, гродзенскі гісторык Алесь Госцеў. Некалькі чалавек прапаноўвалі назваць ўстановы адукацыі ў гонар Васіля Быкава, Элізы Ажешкі, Стэфана Баторыя, Антонія Тызенгаўза.

Школам таксама прапаноўвалі даць імёны Марка Шагала, Агінскага, Эміліі Плятэр, Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча, Ігната Дамейкі, нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Многія называлі Уладзіміра Караткевіча, Тадэвуша Касцюшку, Кастуся Каліноўскага. Прапаноўвалі і сусветна вядомыя імёны, і імёны людзей, звязаных з выбарамі 2020 года ў Беларусі.

У апытанцы Hrodna.life у Telegram амаль траціна (29%) з 660 галасоў была за варыянт «Навошта гэта наогул трэба?».