У Гродзенскай вобласці ўстановам адукацыі вырашылі прысвоіць імёны людзей, якія зрабілі значны ўнёсак у гісторыю Беларусі. Падобная традыцыя існуе ў Польшчы. На працягу навучальнага года школы, ліцэі і іншыя агульнаадукацыйныя ўстановы будуць шукаць інфармацыю, рыхтаваць праекты і музейныя экспазіцыі, прысвечаныя канкрэтным асобам. Ініцыятарамі новаўвядзення сталі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый.

Многія школы вырашылі назвацца ў гонар людзей, чыімі імёнамі названыя вуліцы, дзе яны размешчаны, расказали на «Гродно Плюс». Школа № 40 абрала імя Віталя Крамко, № 20 — Лізы Чайкінай. Школы № 2, 33, 34 выбралі гродзенцаў: гісторыка і краязнаўцу Віктара Саяпіна, чэмпіёна-цяжкаатлета Аляксандра Курловіча і падпольшчыка Васіля Разанава. Гімназія № 5 спынілася на Уладзіміры Караткевічы, а ліцэй № 1 і гімназія № 7 — на беларускіх касманаўтах Алегу Навіцкім і Пятры Клімуку.

Чытайце таксама: Зачем в гродненской гимназии восстановили памятник Дзержинскому и готовят музейный стенд

Гісторыкі: ініцыятыва цікавая, ініцыятыва супярэчлівая

Гэта цікавая ініцыятыва, але ўжо добра вядомая для многіх краін свету, распавёў Hrodna.life выкладчык гісторыі ў гродзенскай гімназіі № 1 Аляксандр Перагудаў. «Гэта падштурхне да папулярызацыі славутых імёнаў Бацькаўшчыны. Аднак хацелася б, каб ініцыятыва не абмяжоўвалася толькі найноўшай гісторыяй, а ўключала ўсе этапы беларускай дзяржаўнасці. І, вядома, ва ўстанове адукацыі павінна весціся адпаведная праца па мемарыялізацыі, справа далёка не толькі ў шыльдзе», — перакананы ён.

Іншы гродзенскі гісторык, краязнаўца Мечыслаў Супрон, лічыць ініцыятыву вельмі супярэчлівай. «З аднаго боку, шмат добрых імёнаў (Саяпін). З іншага — гэта ўсё звязана з пануючай ідэалогіяй, — пракаментаваў ён Hrodna.life. — Пры сучаснай постсавецкай ідэалогіі будзе выкарыстана шмат імёнаў савецкага пантэона. Сапраўдных нацыянальных герояў кшталту Каліноўскага і Быкава, думаю, не будзе ў гэтым спісе». Падобная традыцыя існуе ў Польшчы. Кожная школа, пачатковая або ліцэй, акрамя нумара мае імя ў гонар заслужаных дзеячаў польскай гісторыі, літаратуры, навукі і гэтак далей, распавёў ён. «Гэта створана для ўзмацнення патрыятызму. У Польшчы патрыятызм — нацыятворчы. У сучаснай Беларусі патрыятызм уяўляе сабой сумесь нацыянальна-сялянскага з савецкім, прасякнуты ідэалогіяй 9 траўня і Кастрычніцкай рэвалюцыі», — мяркуе Мечыслаў Супрон. На цяперашнім этапе ён лічыць падобную ініцыятыву ў Беларусі немэтазгоднай.

Традыцыя называць школы імёнамі славутых людзей існавала ў Гродне да Другой сусветнай вайны. Была школа імя Стэфана Баторыя — яе называлі «батаруўка», школа імя каралевы Ядвігі, школа Адама Міцкевіча.

Чытайце таксама:

Каго прапануюць гродзенцы?

Hrodna.life спытаў чытачоў у Instagram, у гонар каго, на іх думку, варта называць гарадзенскія школы.

Прыйшло шмат адказаў як звязаных з Гроднам і рэгіёнам, так і не. Гродзенцы хацелі б бачыць у сваім горадзе школы імя Вітаўта, Давыда Гараденскага, Аляксея Карпюка, Яна Каханоўскага, Ларысы Геніюш, Ясінскага. Па некалькі чалавек прапаноўвалі назваць ўстановы адукацыі ў гонар Васіля Быкава, Элізы Ажешкі, Стэфана Баторыя, Антонія Тызенгаўза. Прапаноўвалі і навукоўца Барыса Кіта, празаіка Юрку Голуба, і нашых сучаснікаў - гімнастку Вольгу Корбут і гродзенскага гісторыка Алеся Госцева. Школам таксама прапаноўвалі даць імёны Марка Шагала, Агінскага, Эміліі Плятэр, Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча, Ігната Дамейкі, нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Многія называлі Уладзіміра Караткевіча, Тадэвуша Касцюшку, Кастуся Каліноўскага.

Успомнілі і Альберта Эйнштэйна, Міколу Тэслу, Джона Ленана, Гая Юлія Цэзара, савецкага лётчыка Аляксея Мярэсьева, нават стрымера анлайн-гульняў Глада Валакаса (сапраўднае імя Дзяніс Сухачоў) і Ганібала.

Таксама гродзенцы дасылалі імёны беларусаў, звязаных з выбарамі 2020 года і падзеямі, якія рушылі ўслед за імі: Святлана Ціханоўская, Валерый Цапкала, Віктар Бабарыка, Максім Знак і Ілля Салей, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Аляксандр Тарайкоўскі і Раман Бандарэнка.

У апытанні Hrodna.life у Telegram амаль траціна (29%) з 660 тых, хто прагаласаваў, выбралі варыянт «Навошта гэта наогул трэба?».

Імёны школам дадуць ужо праз год

У канцы гэтага навучальнага года камісія гарадскога аддзела адукацыі наведае экспазіцыі і сустрэнецца з вучнямі, пазнаёміцца з вынікамі падрыхтоўчай працы. Ці варта называць установу адукацыі ў гонар менавіта гэтага чалавека, вырашаць адмысловыя камісіі. У іх склад увойдуць прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў і ветэранскіх арганізацый.

Канчатковае рашэнне аб прысвойванні імёнаў прыме мясцовая выканаўчая ўлада летам 2022 года. 17 верасня 2022 года імёны ўстановам адукацыі дадуць ва ўрачыстай абстаноўцы на Кургане Славы.

У Гродне некаторыя школы і гімназіі ўжо носяць імёны гістарычных асоб. Напрыклад, імя Антонія Тызенгаўза ўжо носіць дзіцячая школа мастацтваў, гімназія № 1 названая ў гонар этнографа, даследчыка беларусаў Яўхіма Карскага, гімназіі № 9 — у гонар памежніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Феадосія Кірычэнкі, дзіцячая музычная школа № 1 носіць імя беларускага кампазітара Юрыя Семянякі, школа № 3 — героя вайны Віктара Усава.

Чытайце таксама: