У каманду гродзенскага футбольнага клуба «Нёман» вяртаецца Павел Савіцкі. Клуб заключыў з футбалістам дамову на год. Пра гэта 12 студзеня паведамілі на сайце «Нёмана». У 2017 годзе Савіцкі сышоў з «Нёмана» ў «Дынама-Брэст», чым выклікаў абурэнне фанатаў і прыхільнікаў.

Былы капітан гродзенскага “Нёмана” Павел Савіцкі вяртаецца ў клуб
Павел Савіцкі. Фота: Hrodna.life.

Хто такі Павел Савіцкі

Павел Савіцкі - найлепшы бамбардзір «Нёмана» сезона 2017 года, першы з 2001 года футбаліст, хто забіў за гродзенскі клуб 15 мячоў за сезон. Усяго за «Нёман» паўабаронца правёў 203 матчы, забіў 70 галоў і аддаў 26 галявых перадач. У 2017 годзе Савіцкі перайшоў граць у клуб «Дынама-Брэст», гэтым самым выклікаў абурэнне фанатаў гродзенскага «Нёмана».

Ці прымуць заўзятары Савіцкага назад

«У фанатаў будзе не самая аб’ектыўная на ягоны конт думка. Магчыма, на дадзены момант „Нёман“ для сённяшняга ўзроўню Савіцкага гэта мяжа, і тут найбольш камфортна зарабляць грошы моцна не напружваючыся», — распавёў заўзятар Віталь Будзько тэлеграм-каналу MOST, які належыць журналісту Руслану Кулевічу.

Спартовы аглядальнік Яўген Лебедзь таксама лічыць, што мясцовыя фанаты не прымуць Савіцкага. На думку Лебедзя, вяртанне ў «Нёман» — чыста бытавы пераход.

«Любы чалавек рана ці позна хоча вярнуцца ў родны горад, дзе жывуць твае блізкія, дзе табе пасля тулянняў па іншых гарадах спакойна і камфортна. Такі ж шлях, напрыклад, да Савіцкага прарабіў Аляксей Лягчылін. […] Ці прымуць яго фанаты? Не. Яны не прынялі яго, калі ён падышоў да трыбуны пасля першага матча ў Гродне ў складзе „Дынама“. Думаю, што і зараз нічога не памяняецца. […] Гарадзенскія фанаты адрозніваюцца прынцыповасцю ў гэтых пытаннях. Хаця, мне здаецца, Савіцкаму будзе ўсё роўна», — сказаў Лебедзь.

Заўзятары байкатуюць футбол

Заўзятары «Нёмана» другі сезон байкатуюць матчы каманды. Спачатку гэта было звязана з каранавірусам, а пасля — у знак пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Чытайце таксама: