Гол гарадзенскага футбаліста Паўла Савіцкага не дапамог зборнай Беларусі атрымаць перамогі над зборнай Люксембурга. На апошніх хвілінах матчу госці здолелі зраўняць лік і павезлі да сябе каштоўнае адно ачко, а зборная Беларусі ў чарговы раз засталася прыніжанай пры сваіх заўзятарах.

На працягу ўсяго матчу каманда Аляксандра Хацкевіча спрабавала размачыць вароты Люксембурга. Але толькі пасля выхаду Паўла Савіцкага на 72-й хвіліне матчу «белыя крылы» наблізілася да запаветнай мэты. Праз хвіліну пасля выхаду на замену ў гарадзенца ўжо быў рэальны шанец адкрываць лiк у матчы, праўда ўдар Савіцкага прыйшоўся ў штангу варот суперніка.

Праз 7 хвілін Савіцкі зноў прымудраецца зачапіцца за мяч і прабіць па варотах Люксембурга — галкіпер ратуе. Але праз хвіліну Павел падобным ударам галавой ўсё ж здабывае вароты Люксембурга і робіць лік 1:0.

Праз дзве хвіліны гарадзенец мог спакойна забіваць і другі гол, але паўабаронца БАТЭ Міхаіл Гардзейчук, не падзяліўся з Савіцкім мячом. Як той казаў - «не забіваеш ты — забіваюць табе». Праз дзве хвіліны пасля ўзяцця варот Люксембурга, беларусы прапускаюць ў свае.

Пасля штрафнога ўдару, рыкашэтам ад Гардзейчука, мяч ўлятае ў вароты Андрэя Гарбунова.

Астатняга часу зборнай Беларусі не хапіла для таго, каб забіць яшчэ адзін мяч. У выніку «белыя крылы» чарговы раз губляюць каштоўныя ачкi са сваім «любімым» супернікам. Адзінае, што можна адзначыць у гульні зборнай Беларусі, дык гэта ўдалы выхад на замену Паўла Савіцкага. Гарадзенцу далі шанец і ён яго рэалізаваў.

Варта адзначыць, што Савіцкі забіў гол у першым афіцыйным матчы за зборную.