Лаўрэатам Узнагароды імя Юзафа Ядкоўскага за 2021 год прызналі гродзенскага гісторыка Дзмітрыя Люціка. Дзмітрый Люцік — даследчык ваеннай гісторыі Гродна ХХ стагоддзя і выкладчык у гімназіі № 4. Сёлета ўжо другі раз уганараванне праходзіць без урачыстага ўручэння.

Дзмітрый — аўтар двух выданняў манаграфіі пра Гродзенскую крэпасць, двух шляхаводнікаў па Гродзенскай крэпасці (фартах), некалькіх кніжак пра баі 1941−1944 гадоў пад Гроднам, кнігі пра 68-ы Гродзенскі ўмацаваны раён. Са школьных гадоў ён вывучае фарты пад Гроднам. Пераможцу вызначылі 10 лістапада.

Дзмітрый Люцік пра адно са сваіх выданняў

Чытайце таксама:

Без урачыстасцяў, бо «такі час»

Прэмія ўручаецца раз на год. Яе заснавалі ў 2012 годзе для ўшанавання і падтрымкі дзейнасці, якая спрыяе папулярызацыі гарадзенскай мінуўшчыны і захаванню прыроднай і гісторыка-культурнай адметнасці горада і рэгіёна. У розны час прэмію атрымлівалі вядомыя гісторыкі і краязнаўцы: Андрэй Вашкевіч, Алесь Госцеў, Таццяна Касатая, Віктар Саяпін, Фёдар Ігнатовіч, Таццяна Еўдакімава, Наталля Канюк, Ігар Лапеха, Мечыслаў Супрон, журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч. Лаўрэатаў вызначае супольнасць гродзенскіх гісторыкаў.

Другі год запар не было ўрачыстага ўручэння прэміі. Звычайна яно адбывалася пасля канферэнцыі, прымеркаванай да Дня святога Губерта, але зараз канферэнцыю не праводзяць. Выбаршчыкі лаўрэата вырашылі абмежавацца афіцыйным паведамленнем на старонцы ў Facebook. «Бо такі сёння час», — патлумачыў Hrodna.life адзін з арганізатараў прэміі.

У гонар каго названа прэмія

Юзаф Ядкоўскі (20.12.1890, Гродна — 2.01.1950, Варшава) — культурны і грамадскі дзеяч, заснавальнік і першы дырэктар гродзенскага музея гісторыі, аўтар манаграфіі «Grodno» (1923) і шматлікіх артыкулаў па гісторыі горада. Ядкоўскі быў сябрам Таварыства прыхільнікаў горада Гродна, Камітэта адбудовы замка, рэдакцыйнага камітэта гістарычнай бібліятэкі Гродна, камітэта Гродзенскага музея прыроды і камітэта па пабудове гродзенскага заапарка. У 1933 годзе пры мясцовай настаўніцкай семінарыі праводзіў курсы экскурсаводаў па Гродна, быў экспертам камісіі па ўдакладненні герба горада ў 1936 годзе. Па ініцыятыве Ядкоўскага правялі археалагічныя даследаванні Старога Замка і паклалі пачатак яго рэканструкцыі.

Чытайце таксама: Вещи Йодковского и повстанческая запонка. В Новом замке подготовили новую экспозицию