Сёлета ўзнагароду, якую заснавалі гродзенскія гісторыкі, атрымаў не гісторык. Яе ўручылі Таццяне Еўдакімавай за краязнаўчую гульню для школьнікаў «Я гэтым горадам апекаваны», піша belsat.eu.
Дні святога Губерта даўно сталі знакавай падзеяй для гісторыкаў і даследчыкаў Гродні. Штогод мерапрыемствы завяршае прэмія імя Юзафа Ядкоўскага за ўклад у папулярызацыю і захаванне гісторыі горада. Гэтым разам узнагароду атрымала не гісторык і не навуковец, а чалавек, які цягам дваццаці гадоў праводзіць гістарычную гульню «Я гэтым горадам апекаваны».
Таццяна Еўдакімава працуе ў Абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Пачынаючы з 1997-га года яна каардынуе правядзенне гульні, якая развівае цікаўнасць моладзі і дзяцей да гісторыі свайго горада і краіны. Многія з яе ўдзельнікаў сталі вядомымі гарадзенскімі гісторыкамі, настаўнікамі, журналістамі.
«Гэта подзьвіг аднаго чалавека, — лічыць гісторык Аляксандр Смалянчук. — Я сам галасаваў за Таццяну, таму што вельмі важна, каб нашыя веды, веды гісторыкаў і краязнаўцаў, даходзілі да школьнікаў. А яна гэта робіць такім цікавым і незвычайным спосабам».
Прэмію і медаль Таццяне Еўдакімавай уручаў гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, які сам быў адным з першых удзельнікаў гульні «Я гэтым горадам апекаваны».
Сама спадарыня Таццяна ўзнагароды не чакала.
«Заўсёды гэта вельмі хвалююча. Асабліва калі побач такія даследчыкі, навукоўцы, займаюцца глыбокім вывучэннем гісторыі. А я — ўсяго толькі чалавек, які працуе з дзецьмі, і тыя веды, якія здабываюць гэтыя навукоўцы, перадаю дзецям. Вось і ўсё», — прызнаецца Таццяна Еўдакімава.
«Гэта была дзіцячая ініцыятыва зрабіць такую гульню. Мы хацелі адысці ад акадэмічных ведаў і, „гуляючы“, вывучаць гісторыю, пачынаючы ад гісторыі нашага горада. І вось, на працягу столькіх гадоў гуляюць і дарослыя, і дзеці. Штогод увесну носяцца па горадзе і шукаюць розныя цікавыя гістарычныя аб’екты. Мы пачыналі з 12 канаманд, сёння іх — 37».
Акрамя таго, Дні святога Губерта завершыла прэзентацыя новага зборніка гістарычных артыкулаў «Гарадзенскі соцыум», дзе сабраны працы беларускіх, польскіх, украінскіх і расійскіх гісторыкаў, прысвечаныя Гродна.