Ацяпленне ў жылым фондзе горада ўключаць 22 верасня. Паведамляе тэлеграм-канал «Гродно Плюс». З 2020 года ці ўключаць ацяпленне ў Гродне, вырашае гарвыканкам.
Звычайна ацяпляльны перыяд пачынаецца з 15 кастрычніка. Для таго, каб ацяпленне ўключылі раней, павінна быць распараджэнне Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта, распавялі Hrodna.life у кантакт-цэнтры Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Паводле рашэння гарвыканкама з 20 верасня ўключылі ацяпленне ў прыглушаным рэжыме (так званы рэжым працеплівання) ў дзіцячых садках, школах і бальніцах.
У той жа дзень Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт ўзгадніў уключэнне ацяплення ў рэжыме працеплівання ў аб’ектах сацыяльнай сферы вобласці. Гэта дзіцячыя дашкольныя, школьныя, лячэбна-прафілактычныя, медыцынскія ўстановы, установы сацыяльнага забеспячэння, музеі, дзяржаўныя архівы і бібліятэкі, піша БелТА.
Пахаладала ў Гродне з суботы 18 верасня, у нядзелю тэмпература ўпала да +8 С, але ўжо з чацвярга ў Гродне сярэднесутачная тэмпература будзе вышэй за «ацяпляльны» нарматыў. На выхадныя прагноз надвор’я абяцае пацяпленне да +15 — +16.
У 2020 годзе ацяпленне ў жылых дамах у Гродне ўключылі 14 кастрычніка, на наступны дзень пасля падлучэння аб’ектаў сацыяльнага фонду. У 2019 рэжым працеплівання ў кватэрах ўключылі 30 верасня.
З 2020 года рашэнне аб уключэнні ацяплення прымаюць мясцовыя ўлады без узгаднення з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі. «У нас хоць і маленькая краіна, але бываюць сітуацыі, калі ў Віцебскай вобласці +2 градусы, а ў Гродзенскай вобласці - +26», — растлумачыў «Комсомольской правде» змены начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства ЖКГ Генадзь Аксціловіч у верасні 2020 года. Зараз не трэба чакаць выраўноўвання тэмпературы па краіне, а рашэнні прымаюць больш аператыўна.
Чытайце таксама: