Праводзіць планавую ўборку на крыніцы ў Салах часцей, чым раз у месяц, немэтазгодна, лічаць у Гродзенскім гарадскім ЖКГ. Рэдакцыя Hrodna.life атрымала адказ на запыт аб сітуацыі са смеццем каля самай папулярнай гродзенскай крыніцы.

Што здарылася

Экаатывісты знайшлі ў вадзе крыніцы ў Салах нітраты. Іх колькасць, па выніках аналізу ў лабараторыі, у 8−16 разоў вышэй, чым у пробах з вадаправода. Падчас міжнароднай акцыі па расчыстцы рэк River Cleanup 18 красавіка валанцёры за дзве гадзiны сабралі на крыніцы каля 3000 літраў смецця. Берагі і рэчышча забруджаныя пластыкам, акуркамі, аднаразовымі маскамі, пракладкамі, шыферам, бытавымі адходамі. Амаль год нехта з мясцовых жыхароў складзіраваў побач гной.

Hrodna.life пісаў пра гэту праблему. Нам удалося высветліць, што Гродназелянбуд прыбірае смецце на гэтым участку адзін раз у месяц па дамове з Гродзенскай ЖКГ. Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі якасць вады ў крыніцы не кантралюе. Гарадская інспекцыя прыродных рэсурсаў рэагуе на сітуацыю, калі паступаюць звароты.

У Гродзенскай гарадской ЖКГ аператыўны каментар мы не атрымалі і накіравалі пісьмовы запыт.

Што адказалі ў ЖКГ

Праводзіць уборку каля крыніцы на вуліцы Солы часцей, чым раз у месяц, немэтазгодна, растлумачыў намеснік дырэктара Гродзенскай гарадской ЖКГ Сяргей Сямашка ў адказе ад 28 красавіка 2021 года. Гэта звязана з тым, што месца не адносіцца да зоны масавага адпачынку гараджан. Разам з тым камунальнікі перыядычна аглядаюць гэтую тэрыторыю і пры неабходнасці праводзяць пазапланавую ўборку, адзначае Сямашка.

Раней намеснік дырэктара Гродназелянбуда Мікалай Ярмоліч паведамляў Hrodna.life, што дадатковую ўборку арганізуюць у выпадку, калі на прадпрыемства паступаюць скаргі. На яго думку, навесці парадак на гэтым участку маглі б дапамагчы грамадскія арганізацыі і валанцёры.

Якое пытанне засталося без адказу

У запыце мы таксама прасілі патлумачыць, па якіх крытэрах ЖКГ вызначае графік уборкі гарадскіх тэрыторый, якія фактары пры гэтым улічвае. Поўнага адказу на гэтае пытанне мы не атрымалі.

За вадой прыязджаюць з усяго горада

Крыніца на вуліцы Салы (былая вёска Салы) — самая папулярная ў Гродне. Па ваду сюды прыязджаюць сотні гараджан з Вішняўца ды іншых мікрараёнаў, у выхадныя нават бываюць чэргі.

За водой на родник в Солах приезджают сотни людей со всего города. Фото: Ольга Брейдо
Людзі кажуць, што вада з крыніцы смачнейшая, чым з крана. Фота: Вольга Брейда

Каля 10 гадоў таму крыніцу добраўпарадкавалі па рашэнні гарвыканкама: паставілі крыты калодзеж, паклалі прыступкі. У канцы 2010-х гадоў у Салы правялі вадаправод, але шмат хто з мясцовых жыхароў па звычцы п’е ваду з крыніцы

Чытайте таксама: