На прыпынках «Вуліца Гагарына» і «Упраўленне статыстыкі» хацелі размясціць гандлёвыя павільёны з прыпыначным навесам. Там планавалі ўсталяваць зарадкі для мабільных тэлефонаў, Wi-Fi і светлавыя табло раскладу грамадскага транспарту. На гэтыя лоты аўкцыёну 21 верасня ніхто не заявіўся.
Стартавая цана на абодва лоты пачыналася са 186 рублёў, але бізнесменаў прапанова не зацікавіла. Затое гандлёвы аб’ект з’явіцца на вул. Урублеўскага, на тэрыторыі, прылеглай да будынка № 46/1. За яе гандляваліся два чалавекі. Права арэнды выкупіла фірма за 2 830 рублёў пры пачатковай цане ў 116. Падрабязнасці пакупнікі паабяцалі расказаць Hrodna.life пазней.
Калі ў Гродне з’явіліся прыпынкі з Wi-Fi?
Першы прыпынак грамадскага транспарта з Wi-Fi з’явіўся ў Гродне ў кастрычніку 2018 года каля ГЦ «OldCity». Гэта была сумесная інтэрнэт-ініцыятыва «OldCity» і кампаніі МТС. У 2019 годзе пачаў працаваць гандлёвы павільён на прыпынку «вуліца Маладзёжная». У кіёску «Белсаюздрук» быў арганізаваны Wi-Fi, падзарадка для тэлефонаў, кандыцыянер і падлога з падагрэвам.
Чытайце таксама: На двух остановках в Гродно появятся торговые павильоны с подзарядкой и Wi-Fi
Што яшчэ прадалі на аўкцыёне
Пяць чалавек змагаліся за зямельны ўчастак у квартале, абмежаваным вуліцамі Навасельнай-Шырокай-Адэльскай. Яго выкупілі за 47 700 рублёў пры пачатковай цане ў 13 540. Па ўмовах аўкцыёну на участку пабудуюць аднакватэрны дом.
Без таргоў выкупілі два лоты. На маёмасць «Гроднапрамбуд», размешчаную на зямельным участку па вул. Індустрыяльная, 7 плошчай 0,27 га, паступіла адна заяўка. Гродзенец выкупіў маёмасць з правам пастаяннага карыстання. Тое ж адбылося з зямельным участкам па вул. Жырмунская ў «Зарыцы-5». Астатнія лоты, прадстаўленыя на аўкцыёне, гродзенцаў не зацікавілі.