Новости

Затрыманне былога міліцыянта, выхад палітвязня і дзеці з дубінкамі ў касцёле. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Палітвязень з Мастоў выйшаў на свабоду пасля адбыцця пакарання. Прысуды па справе аб счэпцы і па справе аб прычыненні шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі вынеслі ў Гродне. Яшчэ два Telegram-каналы ў Гродне прызналі экстрэмісцкімі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў Гродне і вобласці з 16 па 22 жніўня.

Прысуд па справе аб счэпцы

У судзе Кастрычніцкага раёна 16 жніўня вынеслі прысуд па справе аб счэпцы на вуліцы Гарнавых за падзеі 6 верасня 2020 года. Гродзенак прызналі вінаватымі па двух артыкулах. Пакаранні практычна тыя ж, якія запытваў дзяржабвінаваўца: ад 2,5 гадоў «хатняй хіміі» да трох гадоў «рэальнай».

Галіна Гарацкевіч і Ганна Мароз. Фота: Hrodna.life

Суд над блогерам Vadimati

Вадзіма Ермашука (блогера Vadimati) 16 жніўня затрымалі, 17 жніўня — правялі агляд дома, а 19 жніўня асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту ў Шчучынскім раённым судзе. Яго судзіў суддзя Дзмітрый Ціунчык паводле арт 24.23 КаАП за нібыта заклікі прыехаць на спартовае масавае мерапрыемства — на скейт-пляцоўку ў Шчучыне.

Блогер Vadimati. Фота: сацсеткі героя

Ператрус у сястры блогера

19 жніўня каля 13.30 у стрыечнай сястры блогера Вадзіма Ермашука Наталлі Рубец пачаўся ператрус. У сілавікоў была пастанова на ператрус у рамках крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Невядома, ці звязана гэта справа з братам Наталлі, якому раніцай 19 жніўня прысудзілі 25 сутак арышту.

Ліквідацыя «ВелаГродна»

Гродзенскі аблвыканкам падаў іск аб ліквідацыі арганізацыі. Фармальна — праз памылкі ў дакументах. «Калі мы і наша дзейнасць не патрэбна прадстаўнікам гарадской улады, навошта працягваць нешта рабіць?» — кажа прадстаўніца «ВелаГродна» Юлія Каляда.

Справы за разгалашэнне асабістай інфармацыі

46 спраў у Беларусі ўзбуджаныя па арт. 203−1 КК «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных». З іх сем — у Гродзенскай вобласці. Артыкул прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта расказаў начальнік УСК па Гродзенскай вобласці палкоўнік юстыцыі Эдуард Маліноўскі ў інтэрв'ю «Гродзенскай праўдзе».

У жыхара вобласці знайшлі вінтоўкі і мачэтэ

Жыхар Гродзенскай вобласці пакінуў у Telegram-каналах і чатах паведамленні і каментары, «накіраванне на распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў» у кастрычніку 2020 года. Яго заключылі пад варту і распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 130 КК. Пры ператрусе ў яго знайшлі пісталет Макарава і патроны да яго, чатыры пнеўматычныя вінтоўкі, аптычныя прыцэлы, прыбор начнога бачання, кайданкі, мачэтэ.

У жыхара вобласці пры вобшуку знайшлі пнеўматычныя вінтоўкі і аптычныя прыцэлы. Фота: Следчы камітэт

Ператрус у актывіста

Ператрус на лецішчы Вадзіма Саранчукова быў звязаны з крымінальнай справай паводле арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Пра гэта яму адказалі пасля яго запыту ў Следчы камітэт. Працэсуальны статус Вадзіма невядомы нават яму самому.

Адказ Вадзіму Саранчукову з СК. Фота: facebook.com

Паведамілі адрас пракурора — атрымалі «крыміналку»

Пракуратура Гродна ўзбудзіла крымінальныя справы па ч. 3 арт. 203−1 КК за збор і распаўсюд у інтэрнэце звестак аб прыватным жыцці, персанальных дадзеных пракурора горада і яго намесніка, піша БЕЛТА.

Згодна з матэрыяламі спраў, не выяўлены пакуль чалавек сабраў інфармацыю аб адрасах рэгістрацыі і пражывання пракурора і яго намесніка. Гэтыя звесткі, а таксама асабістыя ідэнтыфікацыйныя нумары пацярпелых распаўсюдзілі праз Telegram-канал.

Палітвязень выйшаў на свабоду

Віктар Царыкевіч — жыхар Мастоў, асуджаны на год калоніі. Мужчыну абвінавачвалі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за правядзенне серый «цынічных акцый» у верасні-кастрычніку: размалёўванне прыпынкаў у Мастоўскім раёне, нанясенне на дрэвы БЧБ-сцягоў, развешванні на іх пудзілаў у міліцэйскай форме і размяшчэнне таблічак у выглядзе рытуальных надмагілляў, а таксама труны з пудзілам у форме супрацоўніка міліцыі. 22 жніўня Віктар выйшаў на волю, адбыўшы ўвесь тэрмін пакарання, паведамляе «Вясна».

Затрыманне былога міліцыянта

20 жніўня ў Іўі затрымалі Пятра Будзько. Гэта былы падпалкоўнік міліцыі, якога пазбавілі звання з-за палітычных поглядаў.

Мужчыну затрымалі на працоўным месцы: там, дома і на лецішчы праведзеныя ператрусы, канфіскаваная тэхніка. Як мяркуецца, зараз ён знаходзіцца ў Гродзенскім КДБ.

Ён адслужыў у міліцыі больш за 20 гадоў. Пачынаў з ДАІ, працаваў у розных раёнах вобласці, а скончыў у Карэлічах у якасці намесніка начальніка РАУС. У снежні 2020 года Пётр Браніслававіч адседзеў 32 сутак па артыкуле 23.34 КаАП, паведамляе «Вясна».

Дзіцячае свята з дубінкамі

На тэрыторыі касцёла ў Шчучыне супрацоўнікі міліцыі арганізавалі мерапрыемства, якое назвалі «Святам дружбы дзяцей і дарослых». Міліцыянты прывезлі тэхніку, амуніцыю і зброю, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Супрацоўнікі міліцыі паказалі дзецям дубінкі. Фота:"Дзянніца"

Мігранты на мяжы

Больш за 30 мігрантаў з Афганістана затрымаліся на беларуска-польскай мяжы ў раёне вёскі Макараўцы (з беларускага боку) і Уснаж Гурны (з польскага боку). Беларускія памежнікі не пускаюць іх назад у Беларусь, а польскія — у Польшчу. Мігранты знаходзяцца там ужо два тыдні, паведамляе polsatnews.pl.

Працягваецца высылка святароў з Гродна

Яшчэ аднаго актыўнага праваслаўнага святара з Гродна адправілі служыць у правінцыю. Іерэй Мікалай Гайдук быў настаяцелем Дамавога храма на Архірэйскім падворку ў Гродне. Выступаў супраць гвалту сілавікоў, адкрыта выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю, паведамляе Telegram-канал рэсурсу, прызнанага экстрэмісцкім.

25 ліпеня 2021 новы арцыбіскуп Антоній зняў Гайдука з пасады і забараніў выкладаць на катэхітычных курсах. 22 жніўня Мікалай Гайдук паведаміў, што атрымаў прызначэнне ў царкве Георгія Пераможцы ў пасёлку Краснасельскі каля Ваўкавыску.

Гэта ўжо другі гучны выпадак пераследу святароў у Гродне за актыўную пазіцыю. Не так даўно святар Георгій Рой быў пазбаўлены пасады настаяцеля сабора ў Гродне і пераведзены ў вёску Квасоўка.

Актывіста з Астравецкага раёна выклікалі ў СК

Актывіста з Варнянаў, аднаго з лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Уласевіча 18 жніўня выклікалі ў Следчы камітэт Астравецкага раёна ў якасці сведкі, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Яго апыталі па двух справах, што тычацца знявагі або знішчэння дзяржаўнага сцяга. У адным выпадку размова ішла аб зрыве, пашкоджанні і выкіданні ў гной банэра з чырвона-зялёным сцягам у вёсцы Трокенікі Астравецкага раёна. Той банэр спачатку размяшчаўся на адміністрацыйным будынку мясцовай сельскай гаспадаркі. Гэты выпадак адбыўся нібыта 10 кастрычніка 2020 года.

У другім выпадку гаворка ішла пра зрыў і абразу сцяга, які быў вывешаны на будынку Упраўлення па працы і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама. Гэтае здарэнне адбылося нібыта 11 або 13 чэрвеня 2021 года.

Уласевіч патлумачыў, што як сведка ён не мае ніякага дачынення да гэтых выпадкаў. Такі выклік яго як сведкі Уласевіч разглядае як форму псіхалагічнага ціску. Раней у яго правялі ператрус, забраўшы бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пазней суд Астравецкага раёна аштрафаваў Уласевіча на 40 базавых за БЧБ-сцяг.

Прысуд за «прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»

На 3 гады і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі Леаніда Герасімлюка за заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь праз інтэрнэт (ч. 3 арт. 361 КК РБ), паведамляе «Гарадзенская вясна».

Такое рашэнне вынес суддзя Гродзенскага абласнога суда Уладзімір Яўхута 16 жніўня. Судовы працэс над 29-гадовым Леанідам Герасімлюком пачаўся 6 ліпеня. Публічныя заклікі да захопу ўлады і актаў тэрарызму Леанід нібыта публікаваў у кастрычніку-лістападзе 2020 года праз паведамленні-каментары ў Telegram-канала «Гродн *7%». Сваёй віны ён не прызнаў.

Коратка:

  • Палітвязню Ігару Банцэру на «хіміі» ў Віцебску працягнулі карцэр на 10 сутак.
  • Міліцыя шукае актывістку Аляксандру Васілевіч — дзяўчына ўжо чатыры гады жіве ў ЗША.
  • Telegram-канал «Стачком Азота» і чат «Гродно Азот Чат» 16 жніўня суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў экстрэмісцкімі.
  • «Гродна Азот» спрабуе вярнуць работнікаў, якім раней не працягнулі кантракты.
  • 2 верасня працягнецца разгляд крымінальнай справы Барыса Ляшкевіча і Леаніда Клімава за падзеі 9 жніўня 2020 года паводле арт. 342 КК.
  • У Смаргоні судзяць настаўніка Андрэя Пятроўскага за ролік пра Канстытуцыю. Дырэктар гімназіі назвала яго учынак «амаральным».
  • Гродзенскі абласны суд пакінуў без змены скаргу Лявона Карповіча з Лунна на штраф за БЧБ-сцяг.
  • У супрацоўнікаў Лідскай бальніцы ў масавым парадку збіраюць грошы на Чырвоны Крыж.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

У банку вакансій Гродзенскай вобласці больш за 19,3 тысячы прапаноў — лічба расце трэці год запар

У снежні 2024 года колькасць свабодных працоўных месцаў у вобласці склала больш за 19,3 тыс.…

19 снежня 2024

750 «экстрэмісцкіх» крымінальных спраў узбудзілі ў Гродзенскай вобласці за 2024 год

Усяго ў Гродзенскай вобласці з 2020 года распачалі каля 3250 крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасці». У…

19 снежня 2024

Гродзенцы «недаплацілі» гарадскому транспарту больш за 11 тысяч рублёў

Павялічылася колькасць гродзенцаў, якія ездзяць без білета ў грамадскім транспарце. У параўнанні з 2023 годам…

19 снежня 2024

Польшча наклала санкцыі на яшчэ трох экспарцёраў прадукцыі «Гродна Азот»

У польскі санкцыйны спіс трапілі тры прадпрыемствы-экспарцёры прадукцыі беларускага прадпрыемства «Гродна Азот», паведамляе Biznes Alert…

19 снежня 2024

Пад Гроднам аднавілі мост, які рухнуў з-за ліўняў

У вёсцы Кунцаўшчына Гродзенскай вобласці аднавілі мост цераз раку Лашанку. Ён абрушыўся ў жніўні 2024…

19 снежня 2024

Гродзенец вырабляе незвычайныя дошкі для сервіроўкі - упрыгожвае іх сапраўднымі кветкамі

Гродзенец Юрый робіць дошкі для сервіроўкі і дэкаруе іх сухацветамі і эпаксіднай смалой. Свае незвычайныя…

19 снежня 2024