«Тут усе кепска ездзяць». Апазіцыянерка з’ехала з Беларусі і стала дальнабойніцай у Амерыцы

Палітычная дзяячка з Гродна Аляксандра Васілевіч на пачатку 2017 году з’ехала ў ЗША. На катэгорыю В яна здала за два тыдні да ад’езду. Цяпер дзяўчына жыве каля акіяна, возіць грузы на траку па ўсіх Штатах і не ведае, калі вернецца на радзіму, піша “Радыё Свабода”.

«У Амерыцы ты ўвесь час працуеш»

Аляксандры 32 гады. Амаль тры з іх яна жыве ў Філадэльфіі, штат Пенсільванія.

Філадэльфія
Філадэльфія

У Беларусі дзяўчына ўзначальвала гродзенскую арганізацыю Аб’яднанай грамадзянскай партыі і моладзевую арганізацыю АГП «Маладыя дэмакраты». Палітычнай дзейнасці прысвяціла больш як 10 гадоў.

Калі пачыналіся пратэсты супраць «дармаедскага дэкрэту», паехала ў ЗША, як тады меркавала — на паўгода, зарабіць грошай. Аднак засталася на даўжэй. Ці вернецца ў Беларусь, пакуль не вырашыла. Але і Злучаныя Штаты для яе пакуль не сталі родным домам.

Аляксандра Васілевіч

«Тут няма тых сяброў, тых стасункаў. Тут ты ўвесь час працуеш. Адпачынак 1–2 тыдні на год, і то не адразу, а праз некалькі гадоў працы. Для амерыканцаў гэта прывычна. Для нашых людзей, якія працуюць з 8 да 17 і для якіх субота і нядзеля выхадныя, вельмі цяжка. Бо тут як ты працуеш, так і атрымліваеш грошы», — кажа Аляксандра.

Кажа, што працоўны дзень у Амерыцы можа доўжыцца па 12 гадзін з двума перапынкамі на 30 і 15 хвілін.

Хуткі тэмп жыцця, недахоп часу і неабходнасць пастаянна працаваць — тое, што ўразіла дзяўчыну ў новай краіне больш за ўсё.

Першую працу знайшла па абвестках

Аляксандра ехала ў ЗША па турыстычнай візе. У кішэні мела паўтары тысячы долараў на першы абыходак і аплочаную арэнду пакоя — дапамагла былая аднакласніца, што пераехала ў Штаты раней. Узровень сваёй англійскай мовы яна ацэньвае як «усё разумею і, калі трэба, магу паразумецца». Зрэшты, гэта аказалася не настолькі важным, бо пасялілася ў расійскамоўным раёне. У горадзе жыве шмат гродзенцаў.

Аляксандра Васілевіч

Па назіраннях Аляксандры, беларусы нават пры пераездзе ў ЗША падзяліліся. Так, гродзенцаў шмат у Філадэльфіі, мінчукоў — у Флорыдзе і Каліфорніі.

На працу ў клінінгавую кампанію, на якую гродзенка дамаўлялася яшчэ з Беларусі, яе не ўзялі. Таму працу шукала ўжо на месцы праз газету. Адзначае, што без грын-карты знайсці добры занятак у Амерыцы складана. Мужчыны часта ідуць на будоўлю або іншыя фізычна цяжкія працы.


«Я не фэміністка». Чаму беларуска кінула прыстойную дзяржаўную працу і пайшла ў дальнабойшчыкі


Уладкавалася ў расійскамоўную краму касірам на 6 дзён у тыдзень. Зарабляла 650 долараў на тыдзень, гэта крыху больш як мінімум. За пакой з прыбіральняй у прыгарадзе Філадэльфіі плаціла каля 600 долараў на месяц.

Грамадскі транспарт у ейным горадзе арганізаваны слаба. Таму дзяўчына штодня хадзіла на працу пешкі за 7 кіламетраў, пакуль не набыла машыну.

Кіроўцы тракаў зарабляюць па 1,5 тысячы долараў у тыдзень

Аляксандра ў кабіне трака
Аляксандра ў кабіне трака

У ЗША Аляксандра памяняла чатыры працы. Тэорыю па кіраванні вялікагрузамі ў Амерыцы вывучыла сама, і пасля экзамену яе ўзялі выкладаць па-англійску ў аўташколу. Праз нейкі час дзяўчына здала на правы, каб кіраваць тракам, хоць пасведчанне кіроўцы ў Беларусі атрымала перад самым ад’ездам у Амерыку. Уладкавалася ў расійскамоўную фірму па перавозцы грузаў. Аб’ездзіла амаль усе штаты, акрамя Аляскі, Гаваяў і Вашынгтона.

У дальнабойшчыцы пайшла, бо любіць падарожжы. Цешыцца разнастайнасцю прыроды, якая змяняецца цягам дня: горы, акіян, рэкі.

«Прырода тут прыгожая», — кажа беларуска.

Па горадзе затое на траку ездзіць складана, бо ён мала дзе можа праехаць і цяжка прыпаркаваць машыну даўжынёй больш як 20 метраў.

Аляксандра любіць працу за магчымасць падарожнічаць

Сярэдні заробак кіроўцаў тракаў — 1200–1500 долараў у тыдзень.

Па словах Аляксандры, у Амерыцы дзяўчыне ўладкавацца кіроўцам трака цяжка, хоць у абвестках і пішуць, што наймаюць «незалежна ад полу, расы і сэксуальнай арыентацыі».

Аднак жанчын на вялікагрузах тут, па ейных падліках, не больш за 5%. Часцей яны старэйшага ўзросту. Звычайна ездзяць у пары з мужчынамі і на невялікія адлегласці.

Для адной жанчыны такая праца сапраўды цяжкая, мяркуе Аляксандра. Прыкладам, трэба накрываць машыну тэнтам, які важыць 30 кілаграм.


“Хатняя праца бывае цяжэй”. Гродзенская дальнабойшчыца пра жыццё на колах


Аляксандру ўзялі на працу, бо за яе паручыўся ейны цяперашні напарнік з Беларусі.

«Яны табе даюць машыну сярэднім коштам 150 тысяч долараў, гэта без уліку кошту грузу. Хто ж захоча аддаць яе кіроўцу, які кепска водзіць?» — кажа дзяўчына.

Начаваць на стаянках пасярод лесу небяспечна
Начаваць на стаянках пасярод лесу небяспечна

Ездзіць адной або з іншай жанчынай яна не хоча. Гэта і фізічна цяжка, і, кажа Аляксандра, на лясной стаянцы могуць напасці. Часам іншыя кіроўцы спрабуюць заляцацца. Аднак да канфліктаў не даходзіла.

«Тут у вакенца не стукаюцца. За гэта можна і ў паліцыю пазваніць», — тлумачыць суразмоўніца.

Самы доўгі рэйс — месяц і 40 тысяч кіламетраў

Побыт у дарозе для Аляксандры не праблема. Кажа, яна не хатні чалавек, спаць у ложку не абавязкова. Тым больш, амерыканскі трак большы за еўрапейскі, не раўнуючы дом на колах. Двухпавярховы ложак, шафы, лядоўня, мікрахвалёўка.

Інфраструктура прыстасаваная для дальнабойшчыкаў: на запраўках бясплатны душ, кіроўцам на тыя ці іншыя прадукты даюцца зніжкі.

Самы доўгі ейны рэйс расцягнуўся на месяц і 40 тысяч кіламетраў.

зша амерыка падарожжа

«Месяц — гэта вельмі цяжка. Заканчваецца ежа, кава. Прыгатаваць хатнія катлеты ў дарогу — гэта адно, а харчавацца гамбургерамі — іншае. Бясплатны душ — добра. Але на яго адводзіш 20–30 хвілін. Чым больш ты ў душы, тым менш ты паспіш. Зусім іншае, калі дома ты разумееш, што ў цябе ёсць 1–2 гадзіны паплюхацца ў ванне, ніхто цябе не чапае», — расказвае Аляксандра.

«Арыентавацца на дарозе ў Амерыцы прасцей»

Дыскрымінацыі з-за таго, што дзяўчына кіруе тракам, беларуска не адчувае. Яна мяркуе, што ў ЗША на правы здаць лягчэй, бо вучаць асновам перамяшчэння, а не крутому кіраванню. Да таго ж няма і надта складаных пытанняў з тэорыі.

«Тут яны ўсе кепска ездзяць. Выжываюць, бо ўзаемна ветлівыя», — мяркуе суразмоўніца.

Арыентавацца на дарозе, на думку беларускі, у Амерыцы прасцей. Знакі лёгка зразумелыя.

Гродзенка аб’ездзіла амаль усе штаты ЗША / амерыка падарожжа пустыня
Гродзенка аб’ездзіла амаль усе штаты ЗША

«Напрыклад, ёсць знак, што мост можа заледзянець раней, чым дарога, прычым гэта пішацца словамі. Няма знака галоўнай дарогі з жоўтым ромбам. Галоўная дарога тут і ёсць галоўная дарога. Знакі „стоп“ так і напісаныя. „Стоп для ўсіх“ — спыняюцца ўсе. Хто першы пад’ехаў, той і перасякае скрыжаванне», — кажа дзяўчына.

На ейную думку, у Амерыцы спакайней у падарожжах. Дарогі шырэйшыя, чым у Еўропе. Усе дарогі паміж штатамі маюць два раздзеленыя кірункі руху: дзве паласы ў адзін бок, дзве ў другі, нельга выехаць на сустрэчную паласу, каб абагнаць іншае аўта.

З іншага боку, звычайнае абмежаванне па хуткасці — 70 міляў на гадзіну, гэта каля 115 кіламетраў на гадзіну. Развязкі больш складаныя, але ў іх лягчэй разабрацца дзякуючы знакам.

«Мы некалі ехалі ў Піцер і зрабілі тры кругі па аб’язной, бо навігатар заблукаў. Тут пытанне, дзе складаней», — разважае беларуска.

«У амерыканцаў няма размоваў на кухні „за палітыку“»

У ЗША дзяўчына заўважае розніцу паміж вялікімі і малымі гарадамі.

«У вялікіх спяшаюцца, бягуць, зарабляюць грошы. У маленькіх — проста жывуць, хоць таксама зарабляюць грошы і ездзяць на пікапах», — кажа дзяўчына.

Непрывычнымі для яе былі і славутыя ўсмешкі амерыканцаў. А пачуўшы «Вітаю, як маесся?» — яна спачатку сапраўды пачынала расказваць пра сваё жыццё.

Суслік

«Аказваецца, гэта проста форма гутаркі. Ты можаш проста адказаць: „Вітаю. А як ты?“ і пайсці далей», — кажа дзяўчына.

Па ейных назіраннях, людзі ў невялікіх кварталах ведаюць адно аднаго, вітаюцца, сочаць за жыццём суседзяў. З дзіўнага для яе — у ЗША прынята «здаваць». Калі машына стаіць крыху няроўна, то замест таго, каб папрасіць суседа перапаркавацца, чалавек патэлефануе ў паліцыю.

Аляксандра застаецца ў партыі. Па магчымасці бярэ ўдзел у мерапрыемствах, удзельнічае анлайн у канферэнцыях. Спрабавала на адлегласці ўладжваць канфлікты ўнутры партыі, нават складала з Амерыкі тэкст звароту.

«Нельга выкрэсліваць з жыцця тое, чаму ты прысвяціў 10 гадоў», — кажа яна.

Большасць знаёмых, кажа, падтрымала пераезд, хоць стаўленне бывала рознае.

На думку беларускі, у Амерыцы больш палітычных правоў і свабодаў.

«Гэта бачна па тым, як беларускія згуртаванні праводзяць па некалькі мерапрыемстваў у год на цэнтральных плошчах Нью-Ёрку. Унутрыпартыйных разборак я не бачу. Думаю, яны не выносяцца вонкі. Многія падтрымліваюць Трампа і сістэму закручвання гаек наконт мігрантаў. Але ў амерыканцаў няма размоваў на кухні за палітыку. Яны жывуць у сваім свеце „праца-дом“. Іх усё задавальняе», — мяркуе актывістка.

Вярнуцца ў Беларусь дзяўчына плануе, калі ў краіне нешта зменіцца. Цяпер ёй замінае гэта зрабіць палітычны крызіс і эканамічная стагнацыя.

«Я люблю Беларусь, бо гэта мая радзіма. Я люблю людзей, прыроду. Але ў Беларусі я не бачу будучыні. Што мне мая радзіма можа прапанаваць — працу на 250 долараў?» — пытаецца гродзенка.

І чакае гутаркі на грын-карту.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: