Гісторык Васіль Герасімчык напісаў кнігу пра жыццё вядомага спартоўца, чэмпіёна-цяжкавагавіка Аляксандра Курловіча. Учора, 28 ліпеня, Курловічу споўнілася б 60 гадоў.

Кніга планавалася да 60-годдзя спартоўца. Акрамя таго, было вядома, што ў гэты ж час пройдзе алімпіяда ў Токіа.

Аляксандр Курловіч — савецкі і беларускі цяжкаатлет, заслужаны майстар спорту СССР (1987). Нарадзіўся ў Гродне. Курловіч — двухразовы алімпійскі чэмпіён (1988, 1992 гг.) у суперцяжкай вагавой катэгорыі, чатырохразовы чэмпіён свету (1987, 1989, 1991, 1994), двухразовы чэмпіён Еўропы (1989, 1990), пераможца Кубка свету (1994). Устанавіў 12 сусветных рэкордаў. Узначальваў Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Гродзенскай вобласці.

«Гэта мусіла быць знакавая падзея для горада, вобласці, рэспублікі ў цэлым. Такіх спартсменаў у нас мала, і ўвогуле толькі адзін такі двойчы чэмпіён [сярод цяжкаатлетаў]», — расказаў Васіль Герасімчык Hrodna.life.

Аляксандр Курловіч на п'едэстале пасля перамогі на чэмпіянаце свету 1987 года. Фота прадставіў Васіль Герасімчык
Аляксандр Курловіч на п’едэстале пасля перамогі на чэмпіянаце свету 1987 года. Фота прадставіў Васіль Герасімчык

Чытайце таксама: «Калі ён стаў героем, зусім не змяніўся». Гродзенцы развіталіся з легендарным спартсменам Аляксандрам Курловічам

Выступленне Аляксандра Курловіча ў 1996 годзе на алімпіядзе ў Атланце (ЗША) для аўтара кнігі стала адным з першых успамінаў дзяцінства, звязаных са спортам.

Васіль Герасімчык рыхтаваў кнігу паўгода. Для гэтага ён размаўляў з сябрамі і знаёмымі Курловіча, трэнерамі, калегамі, шмат дапамагала Вольга Курловіч, жонка чэмпіёна. Таксама ішла праца з дакументамі.

Аляксандр Курловіч разам з братам Мікалаем. Фота прадставіў Васіль Герасімчык
Аляксандр Курловіч разам з братам Мікалаем. Фота прадставіў Васіль Герасімчык

Чытайце таксама:

«Збор матэрыялу пра Аляксандра Мікалаевіча стаў цікавым падарожжам, у якім мне дапамагалі больш за паўсотні яго родных, сяброў і знаёмых. У дадатак да сотні гадзін аўдыя сталі больш, чым сотня фотаздымкаў ды шматлікія дакументы. Напісаная кніга — гэта як біяграфія спартсмена, так і гісторыя нашай цяжкай атлетыкі», — напісаў ён у сваім Facebook.

Курловіч — асоба, якая аб’ядноўвае

Але кніга — не ўспаміны сведак жыцця Курловіча, а менавіта біяграфія спартоўца, напісаная гісторыкам. Таксама ў ёй змешчаны ўводзіны аб тым, як развівалася цяжкая атлетыка ў Беларусі і Гродне. Пасля выдання ў кнізе мусіць быць каля 120 старонак тэксту і блізу 60−70 старонак фотаздымкаў.

«Гэтая кніга прэзентуе наш спорт, наш горад, нашу Гродзеншчыну. Пры тым — не хаваючы праблемаў, якія былі, — расказаў Васіль Герасімчык Hrodna.life. — Кніга можа паказаць прыклад чалавека, які пераадольваў усе складанасці, якія здараліся на яго жыццёвым шляху, і стаў тым, кім стаў - двухразовым чэмпіёнам алімпіяды, чатырохразовым чэмпіёнам свету, самым моцным чалавекам свету ў пачатку 90-х гадоў. Гэта асоба, якая аб’ядноўвае».

Пакуль выданне кнігі адкладзена на нявызначаны тэрмін праз фінансавыя складанасці. Аўтар спадзяваўся на фінансавую дапамогу, але спонсараў знайсці не атрымалася.

Чытайце таксама: