Грамадска-палітычны актывіст Мікалай Салянік памёр у ноч на 24 ліпеня. Пра гэта ў Facebook паведаміла яго дачка Дар’я.

«Сёння ноччу 24.07.2021 пайшоў з жыцця любічы бацька, любячы муж, любячы дзядуля, і Чалавек з Вялікай Літары. Ён быў сапраўдным байцом за справядлівасць і за свабоду ў сваёй краіне ў Рэспубліцы Беларусь», — напісала Дар’я.

«Мы шмат размаўлялі з ім пра жыццё Беларусі і палітычную сітуацыю ў краіне, — напісала Наталля Стрэльчанка. — З нашых гутарак хачу сказаць, што сёння памёр патрыёт нашай Беларусі, які ўсім сэрцам аплакваў лёс краіны ў такой цяжкай для яе сітуацыі, шукаў шляхі і многае рабіў для выхаду з гэтай сітуацыі. Мяркуючы па ўсім, яго сэрца гэтак жа не перажыло падзеі мінулага года. Шчырыя спачуванні родным і блiзкiм!»

«Спачуванні родным і блізкім. Беларусь збяднела яшчэ на аднаго шчырага чалавека, адданага змагара з рэжымам», — напісаў Валерый Пазнякевіч.

Мікалаю Саляніку было 66 гадоў, ён — сябра Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Інвалід другой групы па хваробе сэрца. Быў вядомы сваімі перформансамі і неадназначнымі выказваннямі.

Мікалая неаднаразова затрымлівалі і судзілі, пасля затрыманняў ён часта трапляў у бальніцу з гіпертанічным крызам.

Развітанне пачнецца ў 9.00 26 ліпеня ў Марфінскай царкве па адрасе вул. Прыгарадная, 1. Адпяванне пройдзе ў 11.00. Пахаваюць Мікалая Саляніка на могілках Аульс.