Юлія Юргілевіч прапрацавала адвакаткай амаль 18 гадоў. Пасля пратэстаў яна была адной з тых, хто ўзяўся абараняць абвінавачаных па палітычных справах. Амапаўцы адмаўляліся ад іскаў пасля яе апытанняў у судзе. Рэдакцыя Hrodna.life успамінае тых, каго абараняла затрыманая адвакатка Юлія Юргілевіч.

Юлія працавала ў юрыдычнай кансультацыі Кастрычніцкага раёна Гродна. 23 лютага яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў нібыта за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства». Пасля гэтага яе пазбавілі ліцэнзіі.

Юлія з’ехала з Беларусі, але пазней вярнулася. 30 жніўня яе затрымалі. Юлію змясцілі ў СІЗА на вул. Кірава, 1. Ёй прад’явілі абвінавачванне — падрабязнасці сваякі не выдаюць.

69-гадовая пенсіянерка

69-гадовую Галіну Міхальчук з Ваўкавыска 7 лютага асудзілі на 2,5 года калоніі за некалькі каментароў. Яе абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Справу разглядалі ў судзе Бераставіцы і Бераставіцкага раёна. Раней Галіну ўжо асудзілі за абразу на два гады «хатняй хіміі». Галіна ўпэўненая, што калонія для яе — смяротны прысуд.

«Вядома, Высокі суд, я б вельмі хацела убачыць гэтых асоб (пацярпелых) у судовым пасяджэнні па адной прычыне: хацелася б мне паглядзець ім у вочы. Як яны выконвалі свае службовыя абавязкі, як яны выходзілі на вуліцу, як яны выходзілі ў форменным абмундзіраванні, як яны ажыццяўлялі патруль вуліц у тыя дні цяжкія для іх дні? І як яны, такія людзі мужныя, якія ажыццяўлялі ахову нашай дзяржавы ў такі неспакойны час, маглі цяпер перажыць такія маральныя пакуты на 1000 беларускіх рублёў, якія яны просяць спагнаць з пенсіянеркі, якая атрымлівае 538 рублёў пенсіі?» — цытавала адвакатку «Вясна».

Суд за счэпку

Гродзенца Андрэя Сакалоўскага асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 2 жніўня 2021 года — за счэпку 6 верасня 2020 года. Па ч. 1 арт. 342 КК яму прызначылі два гады абмежавання волі, па арт. 364 КК — два гады пазбаўлення волі.

Чацвёра з пяці амапаўцаў, якія заявілі іскі аб кампенсацыі маральнай шкоды, адмянілі іх.

— Дадзеная іскавая заява супярэчыць усім паказаннях, якія вы давалі ў судовым пасяджэнні. Скажыце, калі ласка, як гэта расцэньваць? — пыталася адвакатка падчас аднаго з пасяджэнняў.

— Забыўся!

— Да 9 чэрвеня вы ўсё памяталі, а пасля 9 чэрвеня забыліся? Сёння 14 чэрвеня.

"Хачу паглядзець ім у вочы". Успамінаем крымінальныя справы адвакаткі Юліі Юргілевіч, якую затрымалі ў Гродне
Андрэй Сакалоўскі ў судзе. Фота: Алена Кавальчук

Справа, дзе абвінавацілі хворую на анкалогію

У судзе Кастрычніцкага раёна 16 жніўня 2021 вынеслі прысуд па справе аб счэпцы на вуліцы Гарнавых за падзеі 6 верасня 2020 года. Але Гарацкевіч, якая захварэла на анкалогію, прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі», яе дачцэ Галіне Гарацкевіч — тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу, Ганне Мароз — чатыры гады «хатняй хіміі».

— Гэта ўсё нашы жанчыны, якія робяць нашу будучыню. Як можна цяпер пазбаўляць нас будучыні? — казала Юлія. — <…> Як можа далікатная маленькая жанчына прычыніць боль мужчыну? Пры тым не простаму мужчыну, а які працуе ў органах унутраных спраў?

"Хачу паглядзець ім у вочы". Успамінаем крымінальныя справы адвакаткі Юліі Юргілевіч, якую затрымалі ў Гродне
Пасяджэнне 18 мая 2021 года. Фота: «Гарадзенская вясна»

Распальванне варожасці за каментар

Гродзенскі абласны суд 8 снежня 2021 прызнаў Андрэя Аўсіевіча вінаватым паводле ч.1 арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы», а таксама арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка улады». Гродзенца асудзілі на 3,5 гады калоніі. На працягу суда яму тройчы мянялі абвінавачванне. Па словах пацярпелага міліцыянта, каментар Аўсіевіча прынёс яму больш перажыванняў, чым калі на яго напалі з нажом на адным з выездаў.

— А ў чым розніца паміж тым, што на вас хтосьці кінуўся з нажом і між тым, што пра вас нехта нешта напісаў? — пацікавілася адвакат.

 — Чалавек, які кінуўся з нажом, віну сваю цалкам усвядоміў і гэта было чакана для мяне. Гэта звязана непасрэдна з маімі працоўнымі абавязкі. Нас інструктуюць, мы да гэтага рыхтуемся кожны раз. Таму я не нерваваўся і не перажываў. А ў дадзеным выпадку гэта было звязана не з выкананнем службовым абавязкаў. Гэта было нечакана для мяне. Было вельмі крыўдна і непрыемна. А з нажом — гэта было пару секунд і забылася.

"Хачу паглядзець ім у вочы". Успамінаем крымінальныя справы адвакаткі Юліі Юргілевіч, якую затрымалі ў Гродне
Андрэй Аўсіевіч ў судзе. Фота: Алена Кавальчук

Справу, дзе абвінавачвалі за кінутую шкляначку

Пасля акцыі пратэсту 27 верасня 2020 года ў Гродне Міхаіла Юдзіна, Міхаіла Яфімавіча, Вадзіма Хіжнякова абвінавацілі па арт. 364 КК — Гвалт ці пагроза прымянення гвалту ў адрас супрацоўніка органаў унутраных спраў. Жыхара Мастоў Андрэя Севертоку пачалі судзіць па арт. 364 КК і ч. 1 арт. 413 КК — Уцёкі з-пад варты. Ім прысудзілі ад 2,5 да 5,5 гадоў калоніі.

— Як вы лічыце, вы паступілі з адпаведнасці з законам? — удакладніла адвакат у пацярпелага амапаўца.

— Так.

 — Дык чаго вы тады баіцеся?

Суддзя зняў пытанне.