Бажэне Ярэміч з Гродна 24 гады, а яна ўжо кіруе Нацыянальнай школай прыгажосці, рэдагавала галоўны закон краіны і наведвала трэніроўкі, дзе вайскоўцы насілі шэўроны «Вагнера». Гісторыю хуткага ўздыму кар’еры гродзенкі апублікавала «Наша Ніва».

Выдатніца з каталіцкай сям'і

Бажэна нарадзілася ў 1999 годзе ў сям'і рабочых. Маці дзяўчыны, Ірэна, працавала дворнікам, бацька Віктар — станочнік дрэваапрацоўчых станкоў. Вядома, што ў яго была судзімасць за крадзеж. Мужчыну асудзілі на два гады выпраўленчых прац.

Бажэну бацькі выхоўвалі адну да моманту, калі ад запалення лёгкіх памёр яе дзядзька, а яго жонка — ад анкалогіі. Тады бацькі Бажэны ўзялі пляменніцу пад апеку.

Ярэмічы — набожная, каталіцкая сям’я, таму Бажэна з дзяцінства наведвала касцёл. Гродзенскую школу № 3 яна скончыла з сярэднім балам 9,5, а юрыдычны факультэт па спецыяльнасці «правазнаўства» ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы з чырвоным дыпломам. Пасля гэтага яна паступала ў магістратуру і аспірантуру. Там вывучала гісторыю дзяржавы і права замежных краін, міжнародныя ўзброеныя канфлікты і гуманітарнае права.

Нейкі час Бажэна працавала на юрыдычным факультэце ГрДУ выкладчыкам-стажорам, а таксама юрысконсультам у мэблева-будаўнічай кампаніі «ЗОВ-Профіль».

Кар’ерны рост пачаўся пасля сустрэчы з Лукашэнкам

Кар’ера Ярэміч пачалася ў 2018 годзе, калі ў Гродна прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. На агульнастудэнцкую сустрэчу з ім запрасілі і Бажэну. Пасля гэтага дзяўчына з’ездзіла на экскурсію ў Палац Незалежнасці і на баль у сталіцу. Сама дзяўчына кажа, што яе сацыяльны ліфт — БРСМ.

У сакавіку 2021 года Лукашэнка ўключыў Ярэміч і яшчэ 35 чалавек у Канстытуцыйную камісію. Яна займалася распрацоўкай змен у Канстытуцыю. Ярэміч павінна была быць «голасам ад моладзі». Але асноўны напрамак, які дзяўчына прасоўвала ў закон — захаванне гістарычнай памяці і традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.

У тым жа 2021 годзе Ярэміч прызначылі на пасаду кіраўніцы Нацыянальнай школы прыгажосці. На той момант Ярэміч да сферы прыгажосці мела вельмі ўскоснае дачыненне — удзельнічала ў конкурсах прыгажосці.

У школе прыгажосці Ярэміч адрадзіла конкурс «Міс Мінск», падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з першым сакратаром Цэнтральнага Камітэта БРСМ Аляксандрам Лук’янавым, пачала ствараць сетку філіялаў школы прыгажосці ў рэгіёнах.

Усіх трымала на дыстанцыі

«Яна хоць і была як бы з усімі, заўсёды ў натоўпе, сапраўдных сяброў у яе нібыта не было. Яна ўсіх трымала на дыстанцыі», — казалі знаёмыя Ярэміч пра гады яе вучобы. Паводле іх слоў, яна ўдзельнічала ва ўсіх магчымых конкурсах, вяла мерапрыемствы, але блізка да сябе нікога не падпускала.

«У мяне найлепшая сяброўка — гэта мама. Яшчэ ў нашу банду ўваходзяць мая цётка і настаўніца малодшых класаў», — казала Бажэна ў адным з інтэрв'ю.

Падчас выбараў у Мінскі гарадскі савет дэпутатаў, куды дзяўчына вылучалася ад партыі «Белая Русь», з перадвыбарчага плаката стала вядома, што яна выхоўвае сына. Раней пра яго існаванне (і існаванне яго бацькі) нідзе не афішавалі.

Мае ўласнага кіроўцу

Калі ў 2020 годзе дзяўчына працавала юрыстам у фірме і атрымоўвала стыпендыю, яе заробак складаў каля $ 448 у месяц. Калі Ярэміч пераехала ў Мінск, ёй прапанавалі арэнднае жытло і ўласнага кіроўцу. Ён штодзённа возіць Бажэну на працу ў Нацыянальную школу прыгажосці. У сваім працоўным кабінеце дзяўчына паставіла піяніна, на якім яна грае, каб расслабіцца.

Нацыянальная школа прыгажосці пад кіраўніцтвам Ярэміч прывозіла мадэляў на баявыя трэніроўкі па ўжыванні агнястрэльнай зброі. На адным з вайскоўцаў тады заўважылі эмблему расійскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер».

Не бачыць альтэрнатывы Лукашэнку

Ярэміч носіць мерч з цытатамі Лукашэнкі. Дзяўчаты са школы прыгажосці прэзентавалі яго пад назвай «беларускі брэнд» у павільёне Беларусі ў Маскве.

«Я заўсёды падтрымлівала палітыку, што праводзіцца ў нашай краіне, наш прэзідэнт — моцны лідар і альтэрнатывы яму я не бачу. Ён вельмі добра разбіраецца ў шмат якіх сферах і прымае ўзважаныя рашэнні ў любой, нават самай складанай сітуацыі, — казала Ярэміч. — Апазіцыйныя СМІ клічуць нас „ябацькамі…“ Так, я нашым прэзідэнтам захапляюся».

Чытайце таксама: Працуюць з дзецьмі, займаюцца «агульнай гісторыяй», выкрываюць «украінскіх неанацыстаў». Што вядома пра Рускі дом, які адкрыюць у Гродне