Гродзенскія мастакі Сяргей Грыневіч і Аляксандр Сільвановіч занялі першыя месцы на рэспубліканскім фестывалі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва “MONUMENT-21”. Сяргей Грыневіч – у намінацыі “Майстэрства”. Аляксандр Сільвановіч – у намінацыі “Навацыя” за праект “VIRUS. RED ZONE”.

Праект Аляксандра Сільвановіча быў прысвечаны тэме каранавіруса. Для ўдзелу ў конкурсе Аляксандру прыйшлося змяніць свой почырк і іншыя сродкі выканання.
“Праект “VIRUS. RED ZONE” я пачаў ствараць напрыканцы 2020 года і скончыў даволі хутка. Ён быў прысвечаны памяці майго сябра Уладзіміра Рамановіча. Тэматыка праекта складаная не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Яшчэ раней я думаў, дзе можна паказаць праект. Але ў Гродне не знайшлі месца. Беларускі саюз мастакоў падтрымаў ідэю і я скарыстаўся магчымасцю паказаць на фестывалі”, – распавёў Hrodna.life Аляксандр Сільвановіч.

Фестываль “MONUMENT-21” адбываўся на разнастайных пляцоўках Мінска ў чэрвені. Ён аб’яднаў на разнастайных арт-пляцоўках сталіцы мастакоў-манументалістаў з усёй Беларусі. Арганізатарам выступіў Беларускі саюз мастакоў.


