Бацькі першакласнікаў, якія не патрапілі ў польскамоўную школу № 36 Гродна, арганізавалі збор подпісаў да ўладаў горада. Яны просяць стварыць дадатковыя першыя класы з польскай мовай навучання і крытыкуюць ідэю стварэння ў школе беларускамоўнага класа.

Ужо ў першы дзень прыёму навучэнцаў у «польскую школу» ў Гродне, адміністрацыя ўстановы не прыняла камплект дакументаў ад 20 бацькоў. Між тым у ствараны ў школе па ініцыятыве ўладаў беларускамоўны клас паступілі адзінкавыя заяўкі. Прыём вучняў у першыя класы ў польскай школе будзе доўжыцца да 28 жніўня.

У чым праблема?

З новага навучальнага года ў CШ № 36 Гродна («польская школа») адкрыюць першы клас з беларускай мовай навучання. Усе прадметы будуць выкладацца па-беларуску. Польская мова стане прадметам з паглыбленым вывучэннем. Раней усе прадметы ў гэтай школе, прынамсі фармальна, выкладаліся на польскай.

Моўнае пытанне ў польскай школе ўздымалася і раней. У красавіку 2017 бацькі змагаліся супраць магчымай русіфікацыі школы. У 2014 годзе такое пытанне ўзнікала ў сувязі з меркаванымі зменамі ў Кодэксе аб адукацыі, у 2012 — калі ў школе першы раз прапанавалі ствараць рускамоўныя класы.

Чытайце таксама: В польской школе откроют белоруский класс

Аб чым бацькі кажуць у лісце?

Падпісанты ліста падкрэсліваюць, што ў апошнія гады ствараецца штучная мяжа для фарміравання першых класаў у польскай школе ў Гродне. Бацькі вымушаныя стаяць у чарзе падчас прыёму дакументаў па некалькі дзён. Нягледзячы на гэта, не першы год дзясяткі дзяцей не могуць рэалізаваць сваё права вучыцца на роднай мове, таму што для іх не хапіла месца.

Бацькі нагадваюць лісты адрасатам, што польская школа ў Гродне з’яўляецца адзінай адукацыйнай установай у горадзе, дзе навучанне вядзецца на польскай мове. «Гэта азначае, што адмова прыняць кагосьці ў першы клас у гэтай школе перакрэслівае ўсе магчымасці для рэалізацыі дзіцем свайго канстытуцыйнага права на навучанне на роднай мове», — пішуць бацькі.

«Бацькі лічаць, што беларускамоўны клас можна адкрыць у любой іншай школе Гродна. СШ № 36 павінна ж служыць інтарэсам польскай нацыянальнай меншасці. Лічым недапушчальным, каб нашым дзецям было адмоўлена ў прыёме ў школу, у якой выкладанне вядзецца на іх роднай мове, толькі таму, што чыноўнікі за іх кошт вырашылі стварыць клас з навучаннем на іншай мове і, такім чынам, парушыць іх правы, гарантаваныя Канстытуцыяй Беларусі», — паведамляюць у лісце. Яго прыводзіць сайт znadniemna.pl.

Саюз палякаў: сітуацыя мае палітычнае адценне

Сёлета бацькі падалі больш за 70 заявак у першыя класы ў школе № 36 Гродна, расказала r**yja.com прадстаўніца Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Арэхва. Паменшыць колькасць польскіх класаў хацелі і раней. Хоць улады яшчэ ў 90-х гадах абяцалі пабудаваць другую школу з польскай мовай навучання.

«У гэтую школу прыязджаюць дзеці з розных раёнаў Гродна і нават з Альшанкі. Таму я не разумею, чаму менавіта цяпер хочуць адкрываць, не важна, беларускамоўныя або рускамоўныя класы ў польскай школе», — сказала Анжаліка Арэхва. На яе думку, такі крок уладаў мае палітычнае адценне.

Праўленне Саюза палякаў Беларусі выступіла з заявай у сувязі з пагрозай дэпаланізацыі школы.

Чытайце таксама: «Проверили учебники и карты». В польские школы в Гродно приходила прокуратура

Што кажуць улады аб сітуацыі ў польскай школе?

«Асобнымі групамі ствараецца нейкі нездаровы ажыятаж вакол адкрыцця беларускамоўнага класа ў сярэдняй школе № 36 у Гродне», — выказаўся у «Гродзенскай праўдзе» Віктар Пранюк, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Ён адзначыў, што ў вобласці працуюць дзве школы з польскай мовай навучання - у Гродне і Ваўкавыску. У іх у мінулым навучальным годзе вучылася больш за 900 чалавек. Змяненняў колькасці вучняў, якія змогуць у далейшым вывучаць родную мову, не плануецца, адзначыў Пранюк.

Па статыстыцы, каля ⅔ выпускнікоў «польскіх школ» паступаюць у ВНУ Польшчы. «Гэта азначае, што за дзяржаўны кошт мы рыхтуем будучыя кадры для іншай краіны. < … > Выпады, якія гучаць у сувязі з прынятым рашэннем у наш адрас, — не што іншае, як праява нядобрасумленнай канкурэнцыі, адбору і пераваблівання перспектыўных і таленавітых выпускнікоў», — лічыць Пранюк.

Пранюк сцвярджае, што вывучэнне ўсіх прадметаў на польскай мове многім дзецям даецца нялёгка. «У большасці сваёй пасля заняткаў дзеці не размаўляюць на польскай са сваімі аднагодкамі, бацькамі. Акрамя таго, пэўныя цяжкасці ўзнікаюць у выпускнікоў пры паступленні, бо цэнтралізаванае тэставанне праводзіцца на дзяржаўных мовах», — кажа Пранюк. Вінаваціць Беларусь у прыгнёце польскай меншасці - несправядліва і абсурдна, лічыць чыноўнік.

Ціск на палякаў у Гродне

28 лютага 2021 года ў Польскай харцэрскай грамадскай школе імя Траўгута ў Брэсце, якая адносіцца да Брэсцкага форуму польскіх лакальных ініцыятываў, правялі мерапрыемствы з нагоды Дня памяці «адрынутых салдат» (так у Польшчы называюць былых жаўнераў Арміі Краёвай, якія не здаліся і пасля яе ліквідацыі змагаліся з камуністычнымі ўладамі ў 1944−53 гг.). Мерапрыемства наведаў консул Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце Ежы Цімафеюк. Пракуратура Брэста ўзбудзіла крымінальную справу па факце гераізацыі ваенных злачынцаў, затрыманы сузаснавальнік школы. Аднаго з «адрынутых салдат», Рамуальда Райса (псеўданім «Буры») называюць адказным за генацыд беларусаў ва Усходняй Польшчы зімой 1946 года.

9 сакавіка МЗС Беларусі паведаміў, што ў сувязі з грубым парушэннем Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах краіну павінен пакінуць консул Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце Ежы Цімафеюк. 10 сакавіка Польшча прызнала персонай нон грата дыпламата з амбасады Беларусі ў Варшаве. 11 сакавіка беларускае МЗС прапанавала Генеральнаму консулу Польшчы ў Гродне Яраславу Ксенжэку пакінуць Беларусь.

Прадстаўнікі пракуратуры Гродна прыходзілі ў школу № 36 12 сакавіка. Праз некалькі дзён, 16 сакавіка, супрацоўнікі пракуратуры прыйшлі ў польскую грамадскую школу імя Стэфана Баторыя пры Саюзе палякаў на Беларусі ў Гродне. Супрацоўнікаў пракуратуры цікавілі адукацыйныя праграмы і падручнікі.

2 чэрвеня стала вядома, што трох з пяці грамадзян Беларусі, затрыманых у рамках «польскай справы», вывезлі ў Польшчу. Гэта Ірэна Бярнацкая, Марына Цішкоўская і Ганна Панішава. Іх затрымалі 25 сакавіка 2021 года.Кіраўніца непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліка Борыс і журналіст Анджэй Пачобут застаюцца пад вартай. Іх прызналі палітвязнямі. Анджэй Пачобут катэгарычна адмовіўся ад прапановы пакінуць Беларусь, паведамляла дырэктарка аднаго з польскіх тэлеканалаў Агнэшка Рамашэўская ў сваім Twitter.