Толькі два праекта было пададзена на конкурс эскізаў помніка генералу Антонаву. Іх аўтары: Анатоль Салятыцкі і Уладзімір Панцялееў. 3 чэрвеня камісія абрала праект Панцялеева. Але эскізны праект трэба дапрацаваць, паведамляе сайт гарвыканкама.
Новы помнік плануюць усталяваць каля ўвахода на тэрыторыю вайсковых могілак па вул. Белуша. Помнік павінен уяўляць сабой бронзавы бюст на гранітным пастаменце. Арыентаваная вышыня бюста — 1 метр, пастамента — каля 3-х метраў. Пераможца конкурса атрымае ганарар 1000 беларускіх рублёў.
Творы гродзенскага скульптара Уладзіміра Панцялеева можна ўбачыць у многіх месцах горада. Сярод іх скульптура Святога Губерта на Савецкай вуліцы, помнік Жану Эмануэлю Жыліберу, пара лебядзей пры ўпадзенні Юрысдыкі ў Гараднічанку і іншыя.