Помнік генералу Антонаву плануюць паставіць на вайсковых могілках у Гродне. Конкурс на эскіз помніка 21 красавіка аб’явіў Гродзенскі гарвыканкам. Праекты на конкурс прымаюцца да 28 траўня 2021 г.

Новы помнік плануюць усталяваць каля ўвахода на тэрыторыю вайсковых могілак па вул. Белуша. Помнік павінен уяўляць сабой бронзавы бюст на гранітным пастаменце. Арыентаваная вышыня бюста — 1 метр, пастамента — каля 3-х метраў. Пераможца конкурса атрымае ганарар у памеры 1000 беларускіх рублёў.

Усе ўмовы конкурса чытайце тут.

У Гродне плануюць паставіць новы помнік: каму і дзе ён будзе стаяць
Меркаванае месца ўсталёўкі помніка. Фота. grodno.gov.by

Хто такі генерал Антонаў?

Аляксей Інакенцьевіч Антонаў - уражэнец Гродна. Савецкі ваеначалькік, генерал арміі, начальнік Генеральнага штаба ў 1945 — 1946 гадах. Праславіўся як таленавіты штабны афіцэр. Удзельнічаў у распрацоўцы практычна ўсіх значных аперацый савецкіх войскаў у Вялікай Айчыннай вайне са снежня 1942 года.

У Гродне плануюць паставіць новы помнік: каму і дзе ён будзе стаяць
Генерал Антонаў А.І. Фота. grodno.gov.by

Помнікі Багдановічу, Найдусу і Каліноўскаму. Што яшчэ абяцалі гораду?

У 2012 годзе планавалася стварэнне помніка паэту Максіму Багдановічу. Адбыўся конкурс, але вынікі не задаволілі чыноўнікаў і праект так і не быў рэалізаваны.

Таксама не з’явіўся помнік паэту Лейбу Найдусу. Яго планавалі ўсталяваць на вуліцы імя паэта ў Гродне яшчэ ў пачатку 1990-х. Майстар выканаў замову, але сродкаў для ўсталёўкі бюста ў горада няма.

Скульптура аленя святога Губерта павінна была з’явіцца у 2014 годзе на прывакзальнай плошчы, але замест яе ў 2017 годзе там паставілі ліхтарны слуп. Скульптуру святога Губерта ў верасні 2020 года ўсталявалі на вуліцы Савецкай, замест дэмантаванага помніка «Турыста».

У 2016 і 2021 гадах гродзенцы збіралі подпісы за ўсталяванне помніка Стэфану Баторыю на плошчы Савецкай. У гарвыканкаме ў адказ абодва разы паведамлі, што «стварэнне і ўсталёўка помніка Стэфану Баторыю за сродкі гарадскога бюджэта ў бліжэйшы час не плануецца».

Дасюль не з’явіліся помнік і шыльда Кастусю Каліноўскаму, размяшчэнне якіх узгадніў гарвыканкам яшчэ ў 1990-х.