Беларусы смуткуюць аб актывісце з Бярозаўкі Вітольдзе Ашурку. Аб яго смерці ў папраўчай калоніі № 17 Шклова стала вядома 21 траўня. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала выказванні яго знаёмых і неабыякавых людзей.
Блізкім паведамілі пра смерць Вітольда Ашурка з ВК-17 Шклова 21 траўня каля 21.00. Па нумарах, пазначаных ў інтэрнэце, датэлефанавацца ў ВК-17 Hrodna.life не ўдалося. Блізкія спадзяюцца даведацца падрабязнасці таго, што здарылася, у панядзелак, паведаміла жонка палітвязня Вольга.
Афіцыйная прычына смерці - спыненне сэрца. Але, кажа жонка, «сэрца ў яго было здаровае абсалютна». Разам з тым, адзначае яна, у яго быў тромбафлебіт, таксама ў карантыне ён мог заразіцца каранавірусам. Апошні ліст палітвязень напісаў ёй з брыгады каранціну 30 красавіка.
У шклоўскай калоніі памёр вельмі светлы чалавек, якому, калі б не гэтае зняволенне, была наканаваная вялікая будучыня.
Вітольд Ашурак. Беларускі каталік з каранямі роду з нашчадкаў вояў хана Джалаладдзіна, на якіх прыйшоўся ці не галоўны нямецкі ўдар у бітве пры Грунвальдзе.
Чалавек, які ва ўзросце 40 гадоў упершыню паехаў на палітычную акцыю (Плошча-2010 у Мн.), адсядзеў за яе 12 сутак, а тады, прыняўшы для сабе рашэнне навярнуцца да беларушчыны, павёў над сабой капітальную работу па збаўленні ад шкодных звычак і ўсяго залішняга, што назапашваецца ў нас праз жыццё.
Тады гэты небанальны жыхар Лідчыны, запатрабаваны татуіроўшчык (да тога прывяло яго з дзяцінства захапленне мастацтвам, і ён вельмі адказна ставіўся да свайго ўмення рабіць тату, лічыў тую сферу часткай агульнай культуры) ажаніўся, неўзабаве поўнасцю завязаў з алкаголем. Сваім прыкладам годна паказваў, як асоба можа выпраўляць сябе і фізічна і духоўна і эстэтычна, расці і развівацца пасля 40-годдзя.
На шляху адбудовы нацыянальнай Беларусі ён меў добрыя перспектывы стаць у будучым буйным палітычным гульцом і духоўным аўтарытэтам для многіх і многіх…
Але за свой нацыянальны выбар ён увосень 2020-га патрапіў у зняволенне і атрымаў працяглы тэрмін пакарання.
З якога яго душа сышла раней.
Тут ніжэй у каментах паэтка і празаік Таццяна Барысік напісала: «Без такіх зямля пусцее…». Пусцее, праўда.
Светлая памяць Вітольду…
напісаў бард Андрэй Мельнікаў.
Сябра, даруй, што так і не адаслаў другі ліст табе… не магу паверыць… Светлая памяць, вечны адпачынак дай яму Пане. Героі не паміраюць. Вітольд Ашурак гонар Вольнай Беларусі.
напісаў Янка Дзяшук.
Занадта часта ў гісторыі Беларусі здараліся цяжкія часы. Бывала, што Беларусь, яе гісторыя, мова, незалежнасць, нават самое існаванне, як на нітачцы, павісалі ўсім цяжарам на асобных людзях, — на нацыяналістах, патрыётах. Часам дзівішся, — літаральна некалькі чалавек, ці то зусім адзін, — маглі пераламіць ход падзеяў, зберагці, захаваць, передаць нашчадкам, — зрабіць тое, што лічылі сваім абавязкам. Вакол іх узнікала з забыцця, адраджалася Беларусь.
Такім чалавекам быў (Божухна, ну чаму даводзіцца пісаць гэтае слова, — «быў»?..) Вітольд Ашурак. Прыгожы, шляхетны, абаяльны, — разам з сябрамі аднаўляў гістарычную памяць Лідчыны. Повязь гісторыі і сучаснасці для яго была жывой, асязальнай, бо паміж героямі даўніны і беларусамі, якія яшчэ маюць нарадзіцца, стаяў ён, — Вітольд Ашурак.
На гэтых здымках з-пад Лідчыны, дзе высілкамі мясцовых актывістаў адноўлены мемарыял паўстанцам 1863 года на месцы жорсткай бітвы, Вітольд стаіць з рыдлёўкай ў руках: ён адмыслова прывёз зямлю з гары Гедыміна ў Вільні, з месца пахавання Кастуся Каліноўскага, каб далучыць яе да праху яго паплечнікаў тут. Каб звязаць час і час. Зямлю і зямлю. Герояў і герояў.
Зараз вельмі цяжкі час. Але зямля беларуская — тая ж, што і ў часы Каліноўскага, і героі, што на ёй нараджаюцца, — нашыя сучаснікі. Кожны, хто мае годнасць быць беларусам, сёння — герой. І я плачу ад віны за гібель Вітольда. Я хачу, каб усе былі жывыя. Каб акупанты не забівалі беларусаў. Каб дзецям не даводзілася чакаць бацькоў з турмы. Мы за гэта нясем адказнасць, ніхто, акрамя нас саміх.
напісала Алена Талстая.
Вечная памяць спадару Вітольду!
Апошні раз размаўляў з ім 16га жніўня у Лідзе, на маршы Свабоды. Як і усе грамадзяне (рамантыкі), ён меў святочны настрой… На вялікі жаль сябар не дажыў да нашага вызвалення.
Упэўнены, што у новай Беларусі у кожным горадзе будзе існаваць вуліца імя Вітольда.
напісаў Ягор С.
Галоўныя пытанні:
1. Чаму памірае менавіта той палітвязень, які паведаміў пра жоўтыя біркі на палітычных вязнях?
2. Чаму ад яго перад смерцю не было два тыдні лістоў?
3. Чаму ў 50-гадовага чалавека, які відавочна не мае праблемаў з атлушчэннем, раптоўна спыняецца сэрца?
4. Ці скардзіўся ён раней на праблемы з сэрцам?
5. Наколькі спыненне сэрца звязанае са спыненнем законнасці?
напісаў Максім Гацак.
«Што тычыцца мяне, то іншым разам мне здаецца, што час вакол мяне спыніўся. Нічога істотнага не адбываецца і складаецца ілюзія, што я, нібы той матылёк, што заліп у бурштыне. Гэта, безумоўна, дратуе мяне, бо сэрца рвецца да вас, у полымя».
напісала Святлана Каваленка.
А цяпер гэта сэрца не б’ецца.
Чытайце таксама:
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…