Актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак памёр у папраўчай калоніі № 17 Шклова. Аб яго смерці СМІ паведамілі 21 траўня. Меркаваная прычына — спыненне сэрца. Лістоў ад Вітольда сваякі не атрымлівалі апошнія два тыдні. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, аб чым ён пісаў.

Вітольду было 50 гадоў. У канцы 2020 года яго ў закрытым судовым пасяджэнні асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Падчас знаходжання ў турме № 1 Гродна яго паставілі на ўлік як асабліва небяспечнага, на пяць дзён змяшчалі ў карцэр. 28 красавіка стала вядома, што Вітольда этапавалі ў Шклоў. Увогуле ў зняволенні ён прабыў сем месяцаў і чатыры дні.

Чым займаўся актывіст?

Ашурак быў прадстаўніком «Руху «За Свабоду» ў Бярозаўцы. Ён выступаў супраць забруджвання Бярозаўкі вытворчасцю шклаваты, супраць забруджвання рэкаў Дзітва і Нёман, праводзіў розныя акцыі ў Бярозаўцы, удзельнічаў у маршы «Дня Волі», акцыі «Памяці паўстанцаў Каліноўскага», маршы «Супраць Дэкрэта № 3» (падатак на беспрацоўе), ладзіў адзіночны пікет супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. У 2016 годзе быў зарэгістраваны прэтэндэнтам па Дзятлаўскай акрузе ў барацьбе за дэпутацкі мандат.

Быў упэўнены, што хутка вызваліцца

Вітольд Ашурок быў упэўнены, што на працягу 2021 года ён апынецца на волі, цытавала яго выданне «Новы час». «Што тычыцца мяне, то тэрмін у 5 год я ўспрымаю як адзнаку „выдатна“ за тое, што меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры сярод самых лепшых людзей Ліды! Сапраўды, для мяне гэта гонар!» — пісаў актывіст.

Быў упэўнены, што ў 2021-м годзе апынецца на волі. Пра што пісаў памерлы ў калоніі Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурок ў судзе. Фота: профіль героя ў Facebook

Разважаў пра палітыку

«Нашыя ворагі (самыя разумныя з іх) імкнуцца цяпер зацягнуць час перамен. Палітыка, які сімвалізаваў іх статус-кво і гарантаваў ім недатыкальнасць, яны ўжо спісалі на сметнік гісторыі. Для іх ён ужо палітычны нябожчык. Але ім патрэбна ўтрымаць свае пазіцыі. Таму, карыстаючыся ўладай, яны і садзяць палітычных супернікаў. Простымі словамі — выдаляюць з грамадскага жыцця.

Не думаю, што суддзя Філатаў, калі даваў мне 5 год, сур’ёзна спадзяваўся на тое, што я адседжу ўсе 5 год. Але гэтым людзям патрэбны нейкі час, каб «вывесці ў людзі» сваіх палітыкаў-лабістаў, на якіх няма плямаў злачыннага рэжыму. <…> Разумныя ворагі разумеюць, што бессэнсоўна секчы галовы «гідры рэвалюцыі», бо замест адной адсечанай вырастаюць 10 новых! Разумныя ворагі інтэгруюць у грамадства сваіх лёгка кіраваных стаўленікаў", — цытаваў ліст «Новы час».

Насіў жоўтую бірку як «палітычны»

«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», — цытаваў яго ліст «Рух «За Свабоду». Ён перадаваў, каб тыя, хто пісаў лісты і не атрымаў адказу, не хваляваліся, і абяцаў адказаць.

Быў упэўнены, што ў 2021-м годзе апынецца на волі. Пра што пісаў памерлы ў калоніі Вітольд Ашурак
Паштоўкі з выявай Вітольда Ашурка. Фота: профіль героя ў Facebook

«Несці крыж адказнасці мне не цяжка»

«У сваім лісце вы прывялі цудоўную метафару — пасля ночы заўсёды прыходзіць раніца. Але я дадам, што каб уначы людзі не забыліся пра свет, заўжды нехта павінен папальваць паходню. Мы ведалі ў жніўні, на што ідзем і таму несці крыж адказнасці мне не цяжка», — размясціў яго ліст сябар у Facebook.

Збіраўся ў паход па Нёмане

«А ў паход па Нёмане на плытах мы з табой пойдзем абавязкова! І пойдзем, калі будзе цёпла. І будзем вечарам піць каву і атрымаліваць асалоду ад дрэйфу па люстэрку Нёмана і прыслухоўвацца да цішыні. Будзе крута!» — пісаў ён сяброўцы і калезе.

Вітольд паведамляў, што нічога не змянілася і ён усё той жа. Казаў пра добрае пачуццё гумару, добры сон і апетыт — аб тым, што пачаў ёсць «карысную аўсяную кашу на сняданак».

«Я не зрабіў нічога, за што мне было б сорамна»

«…Калі мы былі дзецьмі і захапляліся кніжкамі і фільмамі прыгодніцкага кшталту, то мы часцяком зайздросцілі героям, якія траплялі ў складаныя сітуацыі. І ў тым ліку і ў турмы! Цяпер мы самі жывем у гэтым кіно. Тым не менш, я не бачу нагоды пасыпаць галаву попелам і лічыць сваё жыццё канчаткова знявечаным. Знявечыць чалавека можа хлусня, крадзёж альбо забойства, бо чалавек пачынае жыць у выдуманай дзеля апраўдання сваіх памылак фальшывай рэальнасці. Дэфармацыя свядомасці, пачаўшыся спакваля, з дробязі, нявечыць псіхіку чалавека, пераўтвараючы яго ў монстра, якому няма месца сярод людзей у нашым грамадстве.

Быў упэўнены, што ў 2021-м годзе апынецца на волі. Пра што пісаў памерлы ў калоніі Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурок ў судзе. Фота: профіль героя ў Facebook

А я не зрабіў нічога ганебнага, за што мне было б сорамна. Маё сумленне чыстае. Я не сылгаў, не скраў, не забіў. Я выконваў свой грамадзянскі абавязак — пратэставаў супраць дзяржаўнага перавароту. Калі мой мірны пратэст удзельнікі змовы лічаць злачынствам, то гэта сведчыць аб тым, што я рабіў усё правільна. Абсалютна не шкадую аб тым, што я зрабіў. Ганаруся кожнай хвілінай! Ганаруся тым, што я ў той самы вырашальны момант, калі грамадства павінна было даць ацэнку злачынству, быў сярод самых лепшых людзей Лідчыны! Ганаруся тым, што сярод нас не знайшлося аніводнага здрадніка! Увогуле, падзеі жніўня-верасня 2020 паказалі, што за Ліду і Бярозаўку не сорамна. Скажу болей — гэта прыклад для іншых гарадоў! Калі за гэта трэба заплаціць зняволеннем, то я гатовы сядзець!" - публікаваў словы Ашурка «Новы Час».

«Трэба проста перажыць гэты этап жыцця»

«Зразумела, што нічога прыемнага за кратамі няма, але няма і шоку! Проста мне трэба перажыць гэты перыяд свайго жыцця. Зыходзячы з гэтага, адсутнасць віравання эмоцый выглядае цалкам лагічнай і больш за тое — натуральнай. Усё тое, што было са мной у маёй памяці да турмы, са мной і засталося, як гэта ні дзіўна з першага погляду. А калі не адбылося пераасэнсавання, то гэта азначае, што мая свядомасць засталася на тых самых пазіцыях, што і была да турмы.

Быў упэўнены, што ў 2021-м годзе апынецца на волі. Пра што пісаў памерлы ў калоніі Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурок. Фота: профіль героя ў Facebook

Адзінае, з чым я сутыкнуўся, — сны. Безумоўна, сны бывалі і раней. Гэта ж натуральна для чалавека — бачыць сны. Але такіх пяшчотных і пранізлівых, бадай што, і не было. У снах да мяне прыходзілі маці, брат, жонка, мае пляменнікі… Гэта было шчымліва прыемна, выклікала боль, супакойвала — цэлая палітра эмоцый", — пісала «Наша Н**а».

Хацеў напісаць кнігу

«Маю мэту ў калоніі напісаць кнігу. Цяпер на этапе пошуку фармата, стыля і сюжэта. Кніга будзе пра беларуса ў перыяд лета-восені 2020 — вось гэта дакладна», — пісаў пра яго «Новы Час».

Чытайце таксама: