Андрэй Аўсіевіч 4 траўня каля 10.00 выйшаў з дома і не вярнуўся. Неўзабаве ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і правялі вобшук. Пра тое, дзе Андрэй знаходзіцца, яго бацькам не паведамілі. З маці ўзялі падпіску аб неразгалошванні. 5 траўня ролік з Андрэем паказалі ў Telegram-канале МУС Беларусі.
Андрэй Аўсіевіч жыве з бацькамі - матушкай Людмілай і айцом Іванам. Айцец Іван да атрымання інваліднасці служыў у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы на вул. Ажэшкі і храме Усячэння галавы Іаана Прадцечы на вул. Курчатава. Там жа працавала і матушка Людміла. Цяпер яна на пенсіі.
Раніцай 4 мая Андрэй выйшаў з дома «без нічога» — у кватэры застаўся яго пашпарт. Яго мама думала, што ён ненадоўга выйшаў у краму. Звычайна сын не сыходзіць з дому даўжэй, чым на гадзіну — Андрэй даглядае за бацькам з першай групай інваліднасці. Пасля перанесенага ў сакавіку мінулага года інсульту, інфаркту і трахеастомы бацька Іван не ўстае з ложка без старонняй дапамогі і перасоўваецца на інваліднай калясцы.
Канфіскавалі тэхніку
Праз паўгадзіны пасля сыходу сына да сям'і прыйшлі тры міліцыянты і паказалі дакументы на ператрус. Усе яны былі ў цывільным. Пасля ператрусу канфіскавалі сістэмны блок і тэлефон. Людміла дала падпіску аб неразгалошванні.
Пасля ператрусу Людміла пачала тэлефанаваць сыну. Ён не браў слухаўку, але ў яго сацсетцы хтосьці заходзіў праз гадзіну пасля ператрусу. Андрэя не было ні ў Ленінскім РАУС, ні ў ГУБАЗіК. У базе Следчага камітэта яго таксама не было. Там выказалі здагадку, што ён яшчэ можа быць на допыце. «Пакуль мы ў невядомасці. Задача — даведацца, дзе ён знаходзіцца», — распавяла Людміла Hrodna.life. Яна збіралася пісаць заяву аб знікненні чалавека, але для гэтага ёй трэба пачакаць трое сутак.
Даглядаць за мужам дапамогуць суседзі
Так Людміла шукае сына не ўпершыню. Андрэя затрымалі на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў лістападзе і аштрафавалі. Тады пра затрыманне сына дапамаглі даведацца сведкі гэтага моманту.
Андрэю — 26 гадоў. Апошнім часам ён даглядаў бацьку і быў яго апекуном. Адвучыўся на трактарыста, працаваў у калгасе ў Адэльску і «Спецаўтагаспадарцы», служыў у войску. Ездзіў у паломніцтва ў Жыровічы.
«Раней Андрэй маляваў, цікавіўся дызайнам. Таму, калі Бандарэнка загінуў, для яго гэта быў вялікі шок. Магчыма, ён перасякаўся з ім у Жыровічах, магчыма, проста бачыў, што ён маляваў у трапезнай [у Жыровіцкім манастыры ёсць дэкаратыўны роспіс, які разам з іншымі навучэнцамі Мінскага архітэктурна-будаўнічага каледжа рабіў Раман Бандарэнка. Усё гэта было вельмі знакава для яго».
У Людмілы праблемы з каленнымі суставамі. Адна яна не справіцца з дошлядам за мужам і спадзяецца на дапамогу суседзяў.
З чым звязаны вобшук?
«На 26-гадовага беспрацоўнага жыхара абласнога цэнтра выйшлі аператыўнікі рэгіянальнага ўпраўлення ГУБАЗіК. У лістападзе і снежні мінулага года малады чалавек у дэструктыўных тэлеграм-каналах абразіў участковага інспектара, а таксама пагражаў расправай міліцыянтам, уключаючы АМАП, іх сем’ям і заклікаў іншых удзельнікаў да гвалту над супрацоўнікамі», — паведамілі ў МУС.
Яго прызналі падазраваным па крымінальных справах, узбуджаных за абразу службовай асобы і пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Абразы сілавікоў у Гродне
Па стане на сакавік 2021 года 170 крымінальных спраў у Гродне распачата па фактах пагроз, гвалту, абраз у дачыненні да супрацоўнікаў дзяржаўных і праваахоўных органаў, распавёў на сустрэчы з калектывам «Гродна Азот» пракурор Гродна Уладзімір Клішын. У красавіку 2021 года стала вядома, што ўжыванне слоў «дурань» і «ідыёт» у дачыненні да праваахоўнікаў будзе абразай, а ў побытавым канфлікце — не.
UPD. Паводле інфармацыі сям'і на 6 траўня, Андрэй знаходзіцца ў ІЧУ — гэта ім паведамілі, калі Аўсіевічы прыйшлі пісаць заяву аб знікненні чалавека. Са Следчага камітэта дадзеных пакуль не паступала. Адвакат не змог патрапіць да Андрэя. Аўтамабіль сям'і ўсё яшчэ знаходзіцца каля Ленінскага РАУС.