Рэліз сольнага альбома на вершы Уладзіміра Караткевіча адбудзецца 2 траўня. Пачуць новыя песні можна будзе на старонках Алеся Дзянісава ў «Вконтакте» і «YouTube». Пра гэта 30 красавіка музыка паведаміў на сваёй старонцы Facebook.

У альбом увайшлі 14 песен напісаных на вершы Уладзіміра Караткевіча. У адрозненні ад папярэдняга сольнага альбома на вершы Алеся Чобата, тут можна будзе пачуць шэраг інструментаў. Напрыклад, віаланчэль. — распавёў Hrodna.life Алесь Дзянісаў.

“Леаніды вяртаюцца…”. Алесь Дзянісаў з гурта “DZIECIUKI” анансаваў альбом на вершы Караткевіча
Вокладка альбома якую намалявала дачка музыкі Дар’я Дзянісава.

Назва альбома «Леаніды вяртаюцца…» - адсылка да рамана Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць». Першапачаткова твор меў назву «Леаніды ня вернуцца да Зямлі».
Леаніды — метэорны паток, ці «зорны дождж» які можна назіраць у лістападзе.

«Кожная праца патрабуе нейкіх псіхалагічных і фізічных высілкаў. У народа такое стаўленне, што калі ты капаеш рыдлёўкай, то ты працуеш. А тут што? Сеў, пабрынчаў на гітарке, потым штосьці там напеў у мікрафон… Няўжо ж гэта праца? Такое стаўленне з-за адсутнасці адукаванасці»

Альбом пісаўся ў два этапы. Большасць працы музыка зрабіў ў лютым 2020 года. Усё астатняе дапісвалася ў 2021 годзе. «Быў даволі вялікі перапынак з-за шматлікіх прычынаў. Шмат з таго, што задумвалася не рэалізавана. Ізноў жа — па розных суб’ектыўных і аб’ектыўных прычынах. Але гэта у мінулым. Атрымалася па іншаму. І я гэтай працай задаволены». — распавёў Hrodna.life Алесь Дзянісаў аб працы над альбомам.

Доўгабуд і трэці сольнік

У далейшых планах Алеся Дзянісава запіс міні-альбома з гуртом «DZIECIUKI» і завяршэнне «даўгабуда» — другого альбома гурта «Людзі на балоце»: «Гурта няма і шмат чаго ўжо не будзе зроблена, але нават з таго, што можна зрабіць, атрымаецца неблагі матэрыял».

Таксама музыка задумаў трэці сольны альбом — на вершы гродзенскіх паэтаў і паэтак.