Вакаліст гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў прэзентуе на TuzinFM свой сольны альбом «Кароткая гісторыя Беларусі», запісаны на словы сляпога паэта са Скідзеля Алеся Чобата.

Па песнях з гэтага альбому сапраўды можна вывучаць гісторыю краіны: заснаванне гарадоў, часы ВКЛ, Паўночная вайна, паўстанне Каліноўскага, Панятоўскі, Міцкевіч, Багдановіч, Тарашкевіч… Падзеі, асобы ды іх (пера) асэнсаванне — усё гэта ёсць у «Кароткай гісторыі Беларусі». Менавіта пад такой назвай у 2014 годзе пабачыў свет зборнік Алеся Чобата, які натхніў гродзенскага музыку Алеся Дзянісава на запіс альбому паводле гэтых вершаў.

«Мы знаёмыя ўжо даўно з Алесем Фёдаравічам і мяне вельмі кранаюць ягоныя вершы. Я лічу, што гэта геніяльны паэт, які выдатна адчувае як мінулае, так і будучыню», — зазначае музыка. Яшчэ на этапе выбару вершаў Алесь сутыкнуўся з меркаваннем аднаго знаёмага музыкі, які сказаў, што з вершаў Чобата немагчыма зрабіць песні, надта яны ўжо немузычныя. Але Дзянісаў сваёй працаю абвергае гэтую тэзу.

Спачатку меркавалася запісаць «Кароткую гісторыю» разам з гуртом «Людзі на балоце», але гурт у гэты пэрыяд практычна прыпыніў сваю дзейнасць, таму Алесь вырашыў запісаць песні самастойна. Ён працаваў над альбомам цягам двух гадоў. На адну першых запісаных песен «Турма» акурат тады быў зняты кліп. А сёлета асобным сінглам прэзентаваў спеў «Калі над лугам бусел праляцеў». Ён прысутнічае на дыску ў двух варыянтах — пад адну гітару, як і ўсе астатнія песні і ў версіі, запісанай разам з гуртом Race Of Dreamers. Яшчэ дзве песні «Эпілог» і «Станіслаў Аўгуст Панятоўскі» былі зробленыя разам з гуртом Dzieciuki для альбому «Рэха». Цяпер гэтыя творы можна паслухаць і ў акустычным варыянце. Усяго было запісана 25 песен, адна з іх з іншага зборніка Алеся Чобата, таму яна не ўвайшла ў гэты альбом, затое будзе выкарыстаная ў будучым альбоме «Дзецюкоў».

Прэзентацыя альбома «Кароткая гісторыя Беларусі» пройдзе ў верасні ў Гродне, Віцебску, Мінску. Алесь Дзянісаў збіраецца і надалей займацца сольным праектам. Наступная мэта — ажыццяўленне даўняй мары: альбом на вершы Уладзімера Караткевіча.

СПАМПАВАЦЬ АЛЬБОМ АДНЫМ ФАЙЛАМ З TUZINFM (.ZIP)

У стварэнні альбома «Кароткая гісторыя Беларусі» прымалі ўдзел:

Алесь Дзянісаў - акустычная гітара ды вакал (1−25)

Дар'я Багаслова — флейта, сапелка, клавішы, варган, бэк-вакал (усё — 25)

Зміцер «Трэш» Брытанаў — бубны, бас, варган, бэк-вакал (усё — 25)

Алесь Чобат — вершы

Алесь Дзянісаў - музыка (1−24), 25 — Алесь Дзянісаў/Race Of Dreamers

Запіс зроблены на хатняй студыі Race Of Dreamers (Гародня), люты 2017 году.

Вокладка — Яўген Бузоўскі

Падзякі:

Дануце Янаўне Бічэль, Юрыю Седзянеўскаму, Валерку Руселіку, Зьмітру «Трэшу» Брытанаву, Дашы Багасловай, Аляксею Кайрысу, Віталю Лявонаву, Юрыю «Смуру» Дубовіку, Васілю Валошчыку, Андрэю «Кактусу» Лабадзіну.