Пасажыра таксі і сябра Аляксея Лапы, якога судзяць за гвалт над АМАПаўцамі, Ігара Лазавіка будуць судзіць па тым жа артыкуле — арт. 364 КК. Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу.
30-гадовага гродзенца абвінавацілі ў тым, што ён не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыянтаў аб разблакоўцы дзвярэй і выхадзе з машыны, а пры прымусовым выманні і затрыманні ўжыў гвалт да супрацоўніка УУС Гродзенскага аблвыканкама: наўмысна нанёс яму не менш за шэсць удараў рукамі і нагамі ў вобласць тулава, верхніх і ніжніх канечнасцяў. Гэта палічылі менш цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі.
Супрацоўніку міліцыі за перыяд часовай непрацаздольнасці выплацілі больш за 1500 рублёў. Пракуратура накіравала ў суд іск аб кампенсацыі шкоды і арыштавала маёмасць абвінавачанага, а пасля кваліфікавалі яго дзеянні па арт.364 КК.
Гродзенец знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.
Што вядома пра справу?
Таксіст Аляксей Лапа 11 жніўня катаўся з трыма сябрамі па горадзе, у акцыі пратэсту яны не ўдзельнічалі. На вул. Савецкіх пагранічнікаў сябры выйшлі папаліць, затым селі ў аўтамабіль. Некалькі АМАПаўцаў пачалі біць па машыне. Аляксей спалохаўся і пачаў з’язджаць, АМАПавец рушыў да капота і атрымаў пару сінякоў. Праз некалькі хвілін сяброў жорстка затрымалі - трое з чацвярых трапілі ў бальніцу з траўмамі. 5 лістапада Аляксея пачалі судзіць па арт. 364 — Гвалт ці пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.