За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Гродне аштрафавалі дырэктара прыватнай фірмы. Мяркуючы па матэрыялах справы, гэта Аляксандр Марук, дырэктар шыннага цэнтра «R13». Паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП яго аштрафавалі ў судзе Ленінскага раёна Гродна.

Мужчына быў падпісаны ў Instagram на прадукцыю r., якую прызнаў экстрэмісцкай суд Ленінскага раёна Гродна. Верагодна, гаворка ідзе пра падпіску на акаўнт журналіста Руслана Кулевіча, прызнаны экстрэмісцкім.

Аляксандр віну не прызнаў. Яго аштрафавалі на 30 базавых велічынь (1110 рублёў) з канфіскацыяй тэлефона. У яго ёсць двое непаўналетніх дзяцей. Таксама мужчына займаецца сілавымі трэніроўкамі і бегам у гродзенскім клубе.

Кампанія «R13» — цэнтр па аказанні шынамантажных паслуг у Гродне і пастаўшчык шын і дыскаў. Пачаў працу ў 2011 годзе з аднаго пункту і дайшоў да шасці.