У гродзенскую краму патрыятычных сувеніраў «Адметнасць» прыйшлі з комплексным маніторынгам інспектар па пажарнай бяспецы ад МНС, прадстаўніцы аддзелу гандлю Гродзенскага гарвыканкама і санэпідэмстанцыі і супрацоўнік аддзела ідэалогіі, які не прадставіўся. Правяральнікаў суправаджалі два міліцыянты, якія спачатку сказалі, што прыйшлі для аховы парадку, пасля назваліся пакупнікамі.

Агулам у невялікае памяшканне прыйшлі сем чалавек. Гаспадары прасілі захоўваць сацыяльную дыстанцыю, але наведнікі не рэагавалі. Уласніку крамы Сяргею Верамеенку прад’явілі прадпісанні на маніторынг. Спачатку краму праверыў прадстаўнік пажарнай службы, пасля — санэпідэмстанцыі і аддзела гандлю.

«Якія ў іх былі прэтэнзіі? Паглядзіце на нашу краму! Яна выглядае не як крама сувеніраў, а як агітацыйны пункт: як узорна праводзіць праветрыванне, апрацоўваць рукі. У нас ёсць усё, што толькі трэба, і нават трошку больш», — кажа Сяргей.

Гродзенскую краму “Адметнасць” прыйшлі правяраць з чатырох устаноў адначасова
Сяргей Верамеенка

Ён патлумачыў, што да праверак яны рыхтаваліся загадзя: «Мы бачылі, што адбываецца: з „Кубікам“, „Цудоўняй“, кавярнямі. Да таго ж мы грамадскія і палітычныя актывісты. З заканадаўчага пункту гледжання мы гатовыя, маем сертыфікаты, і ўсё, што патрэбна».

Інспектар МНС пасля апытання зрабіў заўвагу, што інструкцыя пажарнай бяспекі для крамы не дастаткова адаптаваная пад памяшканне згодна з Пастановай МНС № 28 от 28.04.2018. Ён прапанаваў скінуць электронны варыянт пастановы. Па выніках маніторынгу паабяцаў выслаць прадпісанні.

Супрацоўніца санстанцыі заўваг не мела: усе антыкаранавірусныя мерапрыемствы ў краме праводзяцца, як належыць. Прадстаўніца гандлёвага аддзелу праверыла цэтлікі на таварах.

Гродзенскую краму “Адметнасць” прыйшлі правяраць з чатырох устаноў адначасова

Міліцыянты тлумачылі, што прыйшлі ахоўваць правяральнікаў. Пасля таго, як на пытанне ўласніка крамы правяральнікі адказалі, што ім не патрэбна ахова, супрацоўнікі УУС сказалі, што застаюцца ў памяшканні як пакупнікі і будуць выбіраць тавар.

Чытайце таксама: З гродзенскай крамы «Адметнасць» канфіскавалі бела-чырвона-белыя сцягі і спіс выбарчых участкаў

Супрацоўнік адзела ідэалогіі не прадстаўляўся, таксама назваўся пакупніком і моўчкі стаяў убаку. Ужо па сканчэнні маніторынгаў ён расказаў супрацоўніцы крамы Вользе Верамеенцы, з якой ён установы.

Гродзенскую краму “Адметнасць” прыйшлі правяраць з чатырох устаноў адначасова
Крама «Адметнасць» спецыялізуецца на продажы патрыятычных сувеніраў

Уласнік крамы, Сяргей Верамеенка — гродзенскі грамадска-палітычны актывіст. 24 лістапада яго асудзілі на 5 сутак арышту паводле артыкула 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 19 жніўня. Суд прайшоў больш чым праз тры месяцы пасля даты правапарушэння, бо працэс перапынялі праз хваробу Сяргея.

Пасля комплекснай праверкі ў краме «Адметнасць» інспектар па пажарнай бяспецы, два супрацоўнікі міліцыі і супрацоўнік ідэалогіі пайшлі правяраць рэдакцыю Hrodna.life.

Чытайце таксама: