Калекцыя старых фота Гродна Руслана Кулевіча

Гродзенскую грамадскую арганізацыю «Цэнтр „Трэці сектар“» будуць ліквідаваць. Судовае пасяджэнне прызначана на 3 верасня. Пра гэта паведаміла старонка арганізацыі ў Facebook. Пра суд кіраўнік арганізацыі Вітаўт Руднік даведаўся ад сябра, які знайшоў інфармацыю на сайце абласнога суда.

«Нягледзячы на тое, што мы, як і яшчэ амаль дзве сотні іншых арганізацый, рыхтаваліся менавіта да такога сцэнару, я моцна расстроены, — распавёў Hrodna.life старшыня праўлення „Цэнтра „Трэці сектар““ Вітаўт Руднік. — Гэта ўдар не столькі па нас, колькі па людзях, для якіх мы працавалі. Найперш балюча за сталых людзей — студэнтаў УЗВ (Універсітэт Залатога Веку — заўв. Hrodna.life), для якіх наш Універсітэт быў не толькі навучальнай пляцоўкай, але і месцам сустрэч, сяброўства і падарожжаў».

Арганізацыя плануе перафарматавацца і працаваць дыстанцыйна са сталымі людзьмі, маладымі журналістамі і грамадскімі актывістамі.

«Я веру, што будучыня за дабром і святлом, а не за цемрашаламі, якія зараз ліквідуюць грамадскі сектар, каб утрымаць сваю ўладу», — сказаў Вітаўт Руднік.

Раней, 21 чэрвеня, Упраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама запатрабавала ад арганізацыі прадставіць мноства дакументаў за 2018−2021 гады. Была распачата пазапланавая праверка. 14 ліпеня офіс арганізацыі «Трэці сектар» ускрылі без прысутнасці сябраў арганізацыі. Там адбыўся вобшук.

Грамадская арганізацыя «Цэнтр «Трэцi Сектар» працуе з 1997 года. З часу свайго заснавання яна займаецца развіццём грамадскай супольнасці і інфармацыйнай падтрымкай грамадскіх ініцыятыў, медыяадукацыяй, працай са сталымі людзьмі.

Акрамя арганізацыі «Цэнтр „Трэці Сектар“» у Гродне ліквідуюць прыватную ўстановую адукацыі «Студыя карысных кампетэнцый» і грамадскую арганізацыю «ВелаГродна».