18 снежня ў рэдакцыю Hrodna. life прыйшоў інспектар МНС з пазапланавым маніторынгам. З ім былі два супрацоўнікі міліцыі і чалавек у цывільным. Апошні аказаўся супрацоўнікам аддзела ідэалогіі.

Перад пачаткам размовы інспектар па пажарнай бяспецы Руслан Стасюк прызнаўся, што не ведае, у якую арганізацыю яны прыйшлі. «Гэта не праверка, а пазапланавы маніторынг», — удакладніў ён.

Супрацоўнік МНС быў ветлівы. Пытанні былі да камплектнасці вогнетушыцеля і падлучанага падаўжальніка. Інспектар параіў не выкарыстоўваць электрапрыборы, старэйшых за 10 гадоў, выключаць з разеткі на ноч кавамашыну, папрасіў праверыць пашпарт халадзільніка і нагадаў аб тэрмінах праходжання інструктажу па пажарнай бяспецы для супрацоўнікаў. Па выніках маніторынгу паабяцалі скласці рэкамендацыі.

Адзін з супрацоўнікаў міліцыі, калі заўважыў, што тое, што адбываецца, здымаюць на відэа, папярэдзіў, што за абразлівыя каментары ў інтэрнэце ён будзе падаваць на рэдакцыю ў суд.

Невядомы ў цывільным аказаўся супрацоўнікам ідэалогіі выканкама. Нейкі час ён стаяў моўчкі, потым выйшаў. Адзін з міліцыянтаў, Міхаіл Паўлоўскі, ужо шукаў сцягу ў рэдакцыі Hrodna.life у верасні і, верагодна, сведчыў супраць айцішніка Уладзіміра Родчанкі, які 12 жніўня стаяў на плошчы з плакатам параненай напярэдадні пяцігадовай дзяўчынкі. Другі міліцыянт, Андрэй Гаўрылюк, таксама праходзіў сведкам па справе Родчанкі і журналістаў «Б****т». Таксама ён складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на журналістку Hrodna.life 11 кастрычніка.

Правяраючыя прыйшлі ў рэдакцыю пасля комплекснай праверкі крамы патрыятычных сувеніраў «Адметнасць», якая знаходзіцца ў суседнім памяшканні.

Чытайце таксама:«Мы шокированы». Гродненский этномагазин «Цудоўня» лишают помещения