Ежы Грыгенчу засудзілі да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. 10 верасня яго выклікалі ў РАУС Кастрычніцкага раёну, а адтуль павезлі у суд Кастрычніцкага раёну, піша harodniaspring.org.
Судовы працэс над Грыгенчам павінен быў адбыцца яшчэ 2 верасня, але тады яго перанеслі. Разглядала адміністрацыйную справу Грыгенчы суддзя Алена Тоўсцік-Самойла. Сведкамі выступілі міліцыянты Калмагораў і Русак.
Ежы Грыгенчу, грамадскага актывіста з Гродна, выклікалі ў міліцыю 20 жніўня. Па тэлефоне яму паведамілі аб заведзенай адміністрацыйнай справе. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 19 жніўня ля будынка тытунёвай фабрыкі. Пазней судовае пасяджэнне перанеслі.
Ежы Грыгенча — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2019 годзе паводле таго ж артыкулу яго судзілі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, у 2017 — за ўдзел у Маршах недармаедаў.