Урача агульнай практыкі адной з сельскіх амбулаторый у Гродзенскай вобласці асудзілі за хабар пры выдачы фіктыўных бальнічных. Паводле даных суда, медык атрымала ад пацыентаў 140 рублёў і бутэльку чырвонага віна за афармленне лісткоў непрацаздольнасці без законных падстаў.
Суд прызначыў доктарцы чатыры гады пазбаўлення волі (умоўна) і штраф у 350 базавых велічынь — 15 750 рублёў. Таксама яна не мае права пяць гадоў займаць пасады, звязаныя з учыненнем юрыдычна значных дзеянняў. Пры прызначэнні пакарання суд улічыў сталы ўзрост абвінавачанай і яе шчырае раскаянне.
Пра гэты выпадак расказаў старшыня абласнога суда Уладзімір Янкоўскі.
Разам з доктаркай таксама асудзілі і аднаго з хабарадаўцаў. Яму прызначылі 1,5 года выпраўленчых работ з утрыманнем 20% заробку.
Крымінальны пераслед іншых асоб, якія перадалі грошы, спынілі. Яны добраахвотна паведамілі пра тое, што здарылася, і, паводле слоў старшыні суда, супрацоўнічалі са следствам.



