Жыхарка дома №98 на вуліцы Горкага ў Гродне Ніна Цітова, якая мае інваліднасць, паскардзілася на праблемы з добраўпарадкаваннем двара. Пры гэтым капітальны рамонт дома як раз нядаўна завяршылі. Паводле яе слоў, каля пад’езда няма тратуара і пандуса, а асфальт у двары хутка руйнуецца, нягледзячы на рэгулярны ямачны рамонт. У ЖКГ паабяцалі вырашыць частку пытанняў у бліжэйшы час, аднак дарожнае пакрыццё адрамантуюць толькі ў наступным годзе.

Тратуара няма, а выхад вядзе проста на дарогу

Паводле слоў Ніны Цітовай, адсутнасць пешаходнай дарожкі стварае нязручнасці і пагражае бяспецы ўсіх жыхароў дома, асабліва для людзей з абмежаванай мабільнасцю. Жанчына папрасіла зрабіць яе, а таксама — абсталяваць пандус і ўсталяваць надзейныя перылы.

Яшчэ яна распавяла «Гродзенскай праўдзе», што ў доме падтапляецца падвал. Акрамя таго, жыхарка дома адзначае, што разрослыя карані старых дрэў дэфармуюць асфальтавае пакрыццё, а пасля абразання дрэў у двары засталіся непрыбраныя галіны.

Пандус абяцаюць усталяваць

У Гродзенскай гарадской ЖКГ паведамілі, што гатовы вырашыць частку агучаных праблем. Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара па капітальным рамонце і эксплуатацыі жыллёвага фонду Віталя Герасіміка, у доме могуць усталяваць бетонны пандус, калі такая неабходнасць пацверджана жыхарамі.

Таксама камунальнікі гатовы прывесці ў парадак існуючыя перылы. Хаця нарматывы патрабуюць іх устаноўкі толькі пры вышыні ганка больш за 40 сантыметраў, у дадзеным выпадку пытанне паабяцалі разгледзець індывідуальна.

Чаму каля дома не з’явіцца тратуар

А вось зрабіць пешаходную дарожку каля дома камунальнікі не змогуць.

— Адсутнасць пешаходнай дарожкі — гэта асаблівасць праекта забудовы дадзенага мікрараёна. Спачатку дарожак тут прадугледжана не было. Падчас капітальнага рамонту жылога дома зрабіць іх немагчыма, — патлумачыў Віталь Герасімік.

Дом на Горкага капітальна адрэмантавалі, але праблемы засталіся. Асабліва скардзяцца маламабільныя жыхары
Фота: grodnonews.by

Асфальту прыйдзецца чакаць як мінімум да наступнага года

Адна з галоўных скаргаў жыхароў тычыцца стану дарогі ў двары. Віталь Герасімік патлумачыў, што капітальны рамонт дома не прадугледжвае комплекснага добраўпарадкавання ўсёй прыдамавой тэрыторыі. Пытанне з дарогай разгледзяць пры фарміраванні планаў на наступны год. Тады ж можа быць выканана поўная замена асфальтавага пакрыцця з аднаўленнем бардзюраў.

Падвал праверылі, капрамонт працягваецца

Зараз у доме завяршаюцца работы па замене пакровы (даху), рамонце балконаў, ганка і ўваходных дзвярэй, уладкаванні адмосткі, герметызацыі міжпанэльных стыкаў і ўцяпленні тарцоў. Таксама цалкам мяняюцца сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі. Пасля скаргаў жыхароў спецыялісты абследавалі падвал. Паводле іх даных, паступлення вады праз сцены не выяўлена. У цяперашні час завяршаецца ўладкаванне новай гідраізаляванай адмосткі, а трубы ў падвале ўжо заменены.