Калі Ірына пачала запісваць першыя ролікі пра беларускія традыцыі, яна баялася, што гледачы будуць папікаць памылкамі. Але замест гэтага вакол яе з’явілася супольнасць, дзе людзі дзеляцца ўспамінамі пра сваіх бабуль, вёскі і сямейныя гісторыі. Так звычайны TikTok стаў месцам сустрэч тысяч беларусак і беларусаў з усяго свету.
Яна ніколі не называла сябе эксперткай у беларускай культуры. Але сёння тысячы людзей ведаюць яе як Цёцю Іру — жанчыну, якая не проста паказвае старажытныя рамёствы, а вяртае іншым успаміны пра дом і стварае супольнасць людзей, якім важна захаваць сувязь са сваімі каранямі.
Мой дом заўжды са мной
«Цяпер я адчуваю сябе як слімак. Ён паўзе па зямлі, па пяску, па скалах і нясе свой домік на сабе. Думаю, што цяпер я таксама вельмі падобная да слімака на гэтым этапе свайго жыццёвага шляху».
Ірына прызнаецца, што некалькі гадоў таму яна б не паверыла, што апынецца ў гэтай кропцы. Яе цяперашняе жыццё нагадвае казку — часам страшную, часам чароўную.
Чытайце таксама: Беларускае лега, родны дзэн і традыцыйны абярэг. Што такое саламяныя павукі і як іх рабіць
Калі Ірына апынулася ў эміграцыі, вобраз слімака стаў для яе асабліва дакладным. Пасля пераезду ўсё давялося выбудоўваць нанова. У нейкі момант яна адчула сябе вельмі маленькай, быццам растварылася ў вялікім свеце і страціла тую ўпэўненую жанчыну, якой была раней.
«Усё навокал змянілася. Мова не тая, паветра не тое, культура не тая, людзі не тыя. І мне здавалася, што трэба недзе шукаць нейкую апору, трэба шукаць кагосьці моцнага. А потым раптам я зразумела, што моцная жанчына — гэта я».
Вышываная кашуля стала бранёй
Першае, што Ірына папрасіла передаць з Беларусі, — нацыянальны строй, які яна разам з сям’ёй зрабіла да юбілею свайго вяселля.
«Калі я сваю кашулечку апранаю, яна для мяне як браня. Мне здавалася, што я раблюся той моцнай жанчынай, якая магла араць, палоць, карміць свіней, пасвіць жывёлу, насіць цяжкія чыгуны і пры гэтым заставацца справядлівай і сумленнай».
Сёння ў яе гардэробе ўжо не адна вышываная кашуля, а некалькі строяў з розных рэгіёнаў Беларусі. Самую апошнюю кашулю яна вырашыла цалкам пашыць і вышыць самастойна.


Цёця Іра для ўсіх
Усё пачалося з жадання падзяліцца сваімі ўспамінамі пра вёску, бабуль і дзяцінства. І дзеля гэтага шукала платформу.
«Я разумела, што сама сяджу ў TikTok, і вырашыла, што трэба сядзець з карысцю. Але я б ніколі не пачала TikTok адна. Таму калі б не адна мая каляжанка, то TikTok я б не пачала».
Чытайце таксама: Робім лялькі-скруткі і абмяркоўваем іх эфектыўнасць з псіхолагам
Спачатку расказваць пра традыцыі было страшна. Ірына ніколі не лічыла сябе эксперткай і баялася, што людзі будуць пісаць, што яна робіць нешта не так. Але атрымалася наадварот. Гледачы пачалі пазнаваць у ёй сваіх бабуль, цётак і суседак з дзяцінства, успамінаць сямейныя гісторыі і традыцыі.
Сёння за яе ролікамі сочаць тысячы людзей. Ірына дагэтуль здзіўляецца гэтым лічбам.


«Калі я з’язджала з Клецка, я толькі скончыла школу, там жыло 11 тысяч чалавек. А цяпер мяне ў TikTok ведае больш людзей, чым жыло ў горадзе, калі я адтуль з’ехала. Для мяне гэта вялізная лічба».
Моцная жанчына – не абавязкова “жалезная”
Па словах Ірыны, страх паступова сышоў.
«Цяпер нават у тых роліках, дзе я магу нешта зрабіць няправільна, людзі раяць і дзеляцца сваім досведам, а я перарабляю і шчыра прызнаюся, што не мела рацыі. Гэта вельмі дапамагае жыць. Дазваляць рабіць памылкі і быць проста сабой».
Для Ірыны моцны чалавек — гэта не той, хто ніколі не памыляецца.
«Моцны чалавек — гэта не жалезны чалавек. Сіла — гэта справіцца, жыць далей, знаходзіць у сабе магчымасць быць шчаслівай, бачыць прыгажосць і вучыцца нечаканым рэчам».
На яе думку, гісторыя — гэта не толькі даты, бітвы, каралі і цары. Гэта тое, што казала бабуля пра прыкметы, калі трэба садзіць бульбу, як у вёсцы вышывалі каўнерык, што гатавалі на Вялікдзень і якія казкі расказвалі дзецям на ноч.


«Для мяне Цёця Іра — гэта жанчына, якая нешта лепш ведае, а чагосьці не ведае, можа выслухаць або паказаць кавалачак свайго жыцця. Шчырасць дазваляе не толькі паказваць уласную сілу, але і іншым адчуць сілу ў сабе, зразумець, што «я таксама змагу»».
Ірына не хоча, каб традыцыі ператвараліся ў «сумны куток музея». Яна хоча, каб культура заставалася жывой і сучаснай, каб людзям хацелася з гонарам адчуваць сябе беларускамі і беларусамі.
«Раней бабулі расказвалі казкі сваім унукам, а цяпер TikTok дазваляе нам расказваць і дзяліцца вуснай народнай творчасцю з дапамогай тэхналогій з вялікай колькасцю людзей».
Чытайце таксама: Беларуская магія. Як нашы продкі дамаўляліся з прыродай
Таксама Ірына адзначае, што ёй падабаецца, што людзі раптам адкрылі для сябе: беларуская мова — вельмі прыгожая, яна меладычная і яе прыемна слухаць.
Часам яна адчувае сябе чараўніцай, якая нібыта нанова адкрыла гэтую мову для іншых.
«І гэта таксама дае мне магчымасць адчуваць сябе моцнай жанчынай».
Не толькі «Цёця Іра ў хустцы»
За «Цёцяй Ірай у хустцы» стаяць не толькі ролікі пра рамёствы, строі і традыцыі. Па адукацыі яна інжынерка і займаецца іншымі праектамі, у тым ліку тэмай сувязі пакаленняў.
Яна кажа, што ні малады, ні сталы ўзрост не павінен станавіцца прычынай спыніцца і «пайсці ў цень». Раней Ірына часцей за ўсё была самай малодшай у кампаніі, а цяпер нярэдка аказваецца самай старэйшай.
«Штосьці я магу ў малодшых сябровак пераняць, убачыць тое, чаго сама не заўважыла б. А нечым магу іх падтрымаць і падзяліцца сваім досведам. Дапамагаючы адна адной, мы робімся больш моцнымі і ўпэўненымі. Разам мы знаходзім сілы, што робяць жыццё больш шчаслівым, а свет – лепшым».



