У галоўным гродзенскім касьцёле 9 верасьня прайшла адмысловая імша, на якой маліліся аб вырашэньні грамадзка-палітычнага крызісу ў Беларусі і вяртаньне дадому мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, якога 31 жніўня памежнікі не пусьцілі ў краіну.
Урачыстую імшу адправілі горадзенскія біскупы Аляксандар Кашкевіч і Юзаф Станеўскі, а таксама больш за 10 ксяндзоў з розных парафій, піша «Радыё С**бода». Прысутнічалі праваслаўныя сьвятары айцец Георгій Рой і дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч.
![«Замест хлусні павінна запанаваць праўда». У Гродне маліліся аб развязанні крызісу і вяртанні Кандрусевіча. ФОТА](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2020/09/5C454E0A-BC4C-4CA1-A82D-2099F75B0B46_w1023_r0_s.jpg)
Біскуп Аляксандар Кашкевіч адзначыў, што кожны прыходзіць у касьцёл са сваімі просьбамі, але агучаныя на пачатку імшы просьбы важныя для ўсёй краіны.
Прысутнічаў таксама ксёндз Ігар Лашук са Стоўпцаў. Ён прывёз у Горадню цудоўную фігуру арханёла Міхала, апекуна Беларусі. Фігура будзе падарожнічаць па касьцёлах краіны, а вернікі будуць маліцца праз пасярэдніцтва арханёла за Беларусь.
![Фігура Міхала Арханёла](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2020/09/DB5AE861-5C8C-4A70-A679-73532CB47639_w1023_r0_s.jpg)
Частку пропаведзі, якая ішла на польскай, беларускай і расейскай мовах, біскуп Юзаф Станеўскі прысьвяціў разважаньням пра ролю анёлаў і арханёлаў, дабро і зло.
«Гісторыя паказвае, што тыя, хто марыў стварыць Неба на зямлі бяз Бога, ствараюць пекла. Мы павінны ўвесь час вучыцца мудра і па-боску выбіраць, умець адрозьніць дабро ад зла, праўду ад хлусьні. Гэта няпростае заданьне. Мы жывём у сьвеце, дзе заўважаем зьмяшэньне паняцьцяў і каштоўнасьцяў», — разважаў біскуп Юзаф Станеўскі.
![«Замест хлусні павінна запанаваць праўда». У Гродне маліліся аб развязанні крызісу і вяртанні Кандрусевіча. ФОТА](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2020/09/B9828DFB-9F63-46B6-81FF-FC066D562797_w1023_r0_s-1.jpg)
Да таго ж ён шмат згадваў і цытаваў мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, пра якога сказаў, што той цяпер знаходзіцца ў выгнаньні.
«Неабходна прызнаць грэх, асабісты і калектыўны, і пакаяцца з мэтай перамены нашага жыцьця. Замест хлусьні павінна запанаваць праўда, замест зла — дабро, замест нянавісьці — любоў, замест асуджэньня — прабачэньне, замест згубных падзелаў — еднасьць», — паўтарыў сьвятар словы мітрапаліта Кандрусевіча.
![«Замест хлусні павінна запанаваць праўда». У Гродне маліліся аб развязанні крызісу і вяртанні Кандрусевіча. ФОТА](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2020/09/9BA5D47E-E57D-4172-B970-20899C9BF893_w1023_r0_s.jpg)
![«Замест хлусні павінна запанаваць праўда». У Гродне маліліся аб развязанні крызісу і вяртанні Кандрусевіча. ФОТА](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2020/09/18E0E9F8-3A4A-4C72-A05D-8810F21E5E3E_w1023_r0_s.jpg)
![«Замест хлусні павінна запанаваць праўда». У Гродне маліліся аб развязанні крызісу і вяртанні Кандрусевіча. ФОТА](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2020/09/30FE2AB0-7F03-4801-960D-E058B00278A6_w1023_r0_s-1.jpg)
![«Замест хлусні павінна запанаваць праўда». У Гродне маліліся аб развязанні крызісу і вяртанні Кандрусевіча. ФОТА](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2020/09/73E5C188-BFA8-41FC-B115-C6343DB3038A_w1023_r0_s.jpg)
Ксёндз Ігар Лашук у канцы багаслужбы нагадаў прысутным пра эпідэмію каранавірусу і сёньняшнія падзеі ў Беларусі і назваў іх страшнымі. Ён заахвоціў вернікаў маліцца праз заступніцтва сьвятога арханёла Міхала аб вырашэньні канфлікту ў Беларусі і вяртаньні мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на радзіму.
![«Замест хлусні павінна запанаваць праўда». У Гродне маліліся аб развязанні крызісу і вяртанні Кандрусевіча. ФОТА](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2020/09/FD6167B7-0E0D-4BF7-86E4-B3843F0244F5_w1023_r0_s.jpg)
«Кажуць, што цяпер час не такі вясёлы. А калі для хрысьціянаў быў вясёлы час? Хрысьціянства заўсёды было рэлігіяй, якую гналі і перасьледавалі ў сьвеце», — заўважыў ксёндз Ігар Лашук.
31 жніўня лідэра беларускіх каталікоў мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча не пусьцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся з Польшчы, нягледзячы на тое, што ён грамадзянін Беларусі.
Чытайце таксама: